11 красавіка Сьцяпану Латыпаву споўнілася 45 гадоў. Пяты раз палітвязень сустрэў дзень народзінаў у няволі: першы раз у былым менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага, другі — у івацэвіцкай калёніі і яшчэ двойчы — у магілёўскай турме.
Сьцяпана Латыпава затрымалі ў верасьні 2020 году ў двары «Плошчы пераменаў» у Менску, у ягоным мікрараёне, вядомым сваімі пратэставымі настроямі.
Сьцяпан выйшаў у двор абараніць пратэставы мурал, які жыхары дому аднавілі пасьля зьнішчэньня камунальнікамі, і неўзабаве яго затрымалі амапаўцы.
У 2021 годзе Сьцяпану Латыпаву прысудзілі 8,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў (8700 рублёў).
Латыпава прызналі вінаватым паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), артыкулу 363 («супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных справаў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак») і часткі 4 артыкулу 209 («махлярства ў асабліва буйным памеры»).
Як дырэктара кампаніі «Беларба» яму інкрымінавалі тое, што ён нібыта ўводзіў у зман кліентаў падчас аказаньня паслугаў хімічнай абароны расьлін.
Ні ў водным з пунктаў абвінавачаньня Латыпаў віны не прызнаў. На судзе ён расказаў, як зь ім абыходзіліся пасьля затрыманьня.
«Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны сьмяяліся», — сказаў Сьцяпан Латыпаў пра катаваньні пасьля затрыманьня.
На знак пратэсту супраць пастаяннага ціску адміністрацыі проста на судовым паседжаньні Сьцяпан уваткнуў сабе ў горла асадку. Праз гэты ўчынак Латыпава паставілі на асаблівы ўлік як «схільнага да самагубства», для яго ўмовы зьняволеньня ўскладніліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад даносам у КДБ на Сьцяпана Латыпава — подпіс ягонага калегі-арбарыста з МасквыШто вядома пра ўмовы ўтрыманьня Латыпава ў турмах
Адбываць пакараньне Сьцяпан Латыпаў пачаў у лістападзе 2021 году ў івацэвіцкай калёніі № 22 (яе яшчэ называюць «Воўчыя норы»), вядомай сваімі жорсткімі ўмовамі. Там палітвязьня шмат разоў зьмяшчалі ў ШЫЗА нібыта за парушэньні рэжыму. Між тым Латыпаў заяўляў аб правакацыях і ціску з боку адміністрацыі, а ў ліпені 2022 году на знак пратэсту ён глытаў лязо і рэзаў вены, за што атрымаў новыя 17 дзён штрафнога ізалятару. Пра івацэвіцкі пэрыяд зьняволеньня Латыпава вядома, што ён прысылаў з калёніі малюнкі вожыкаў.
Адміністрацыя калёніі вырашыла, што Латыпаў «ня стаў на шлях выпраўленьня». У выніку ў верасьні 2022 году суд Івацэвіцкага раёну на два гады адправіў Сьцяпана Латыпава на турэмны рэжым. Палітвязень трапіў у магілёўскай турму № 4, таксама вядомую жорсткім рэжымам і тым, што там адбываюць пакараньні многія зь вядомых палітвязьняў.
У лютым 2024 году з магілёўскай турмы дайшлі зьвесткі, што Сцяпан Латыпаў захварэў на цынгу. Паведамлялася таксама, што падчас хваробы палітвязьню аказалі мэдычную дапамогу, але паводле крыніцы, зь якою кантактавалі журналісты інтэрнэт-выданьня «Позірк», ён скардзіўся на недахоп лекаў.
У сьнежні 2024 году Сьцяпана Латыпава вярнулі ў івацэвіцкую калёнію «Воўчыя норы». Адтуль новых зьвестак пра яго няма. Да выхаду на волю Сьцяпану Латыпаву трэба пратрымацца яшчэ ня меней за тры гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Сьцяпан Латыпаў захварэў на цынгуЧым займаўся Латыпаў да зьняволеньня
Вядома, што Сьцяпан Латыпаў — адзін зь першых у краіне арбарыстаў, «лекар дрэваў». У асяродзьдзі прамысловых альпіністаў (гэтай прафэсіяй таксама валодаў Сьцяпан Латыпаў) яго называлі «бацькам беларускай арбарыстыкі».
Калегі сьцьвярджаюць, што Лапытаў першым пачаў лячыць дрэвы іньекцыямі — ён падымаўся на дрэва з дапамогай вяровак і ўпырскваў у хворае месца на дрэве неабходныя лекі. Гэты мэтад лячэньня дрэваў Сьцяпан Латыпаў засвоіў падчас вучобы і практычных заняткаў у краінах Эўропы. Калегі ўспамінаюць, што Латыпаў чытаў шмат спэцыяльнай літаратуры, увесь час удасканальваў свой мэтад лячэньня дрэваў.
У Беларусі Сьцяпан Латыпаў заснаваў фірму «Беларба», якая займалася ня толькі лячэньнем дрэваў, але і зьнішчэньнем шкодных расьлінаў, прыкладам, баршчавіку.
Пасьля затрыманьня Латыпава ў 2020 годзе фірма «Беларба» закрылася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Сьцяпана Латыпава на два гады пераводзяць на турэмны рэжым