Сувязь з жанчынай зьнікла з 25 сакавіка. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка паведаміў пра гэта 27 сакавіка. Ён жа напісаў заяву ў польскую паліцыю.
Анжаліка Мельнікава — сьпікерка Каардынацыйнай рады (КР) беларускіх дэмакратычных сілаў, а раней каардынатарка праектаў Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) на чале з Паўлам Латушкам. Пасьля пратэстаў 2020 году Мельнікава зь сям’ёй пакінула Беларусь і выехала спачатку ва Ўкраіну, а пасьля ў Польшчу. Там яна заснавала фонд Białoruś Liberty, празь які праходзіла фінансаваньне для Каардынацыйнай рады і ананімнай хакерскай групы «Кібэрпартызаны».
Кароткая храналёгія
З 24 сакавіка ў сяброў НАУ зьявіліся падазрэньні наконт таго, што адбываецца з Анжалікай Мельнікавай. З словаў Паўла Латушкі, апошняя камунікацыя зь ёй адбылася 25 сакавіка раніцай. Візуальна падчас сазвону ў зуме яе бачылі 21 сакавіка — пры гэтым невядома, адкуль яна ўключалася.
27 сакавіка Павал Латушка падаў афіцыйны зварот у камэндатуру паліцыі Варшавы ў сувязі са зьнікненьнем Анжалікі і яе дачок. Ён адзначаў, што нефармальным чынам інфармаваў паліцыю за «дзень-два» да 27 сакавіка. Асабіста ён бачыў Анжаліку ў канцы лютага ў офісе.
Паводле польскай паліцыі, Мельнікава ў канцы лютага вылецела за межы Эўразьвязу — у Лёндан — зь дзьвюма дочкамі. Былы муж Анжалікі выехаў з Польшчы ў Беларусь аўтобусам 23 сакавіка.
НАУ самастойна вызначыў, што мабільная прылада Мельнікавай была лякалізаваная на тэрыторыі Беларусі 19 і 25 сакавіка. Пры гэтым адзін зь яе гаджэтаў яшчэ 18 сакавіка знаходзіўся ў Варшаве.
Журналістам «Люстэрка» 7 красавіка ўдалося датэлефанавацца да былога мужа Мельнікавай, які пацьвердзіў, што ён разам зь іхнымі дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі. Дзе Анжаліка — ён ня ведае.
У інтэрвію Свабодзе Павал Латушка адзначыў, што пакуль праваахоўныя органы Польшчы ня вызначылі месца знаходжаньня Анжалікі Мельнікавай.
Паліцыя лічыць больш верагодным, што Анжаліка не ў Беларусі. Але гэта хутчэй дапушчэньне
«Яны пацьвярджаюць, што яна пакінула тэрыторыю Польшчы, пакінула тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу. Яны лічаць больш імаверным, што яна не знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Але гэта хутчэй дапушчэньне, — адзначыў Латушка. — Мы зыходзім з той інфармацыі, якую ўдалося нам устанавіць: адбылося лягаваньне тэлефона Анжалікі Мельнікавай 19 сакавіка і 25 сакавіка ў горадзе Менску ў Беларусі».
Свабода пагаварыла з калегамі Анжалікі Мельнікавай, якія размаўлялі зь ёю незадоўга да афіцыйнай заявы пра яе зьнікненьне. Паводле нашых крыніц, Анжаліка зьбірала дадзеныя для складаньня кантрактаў аб супрацы з Каардынацыйнай радай — гэта пашпартныя зьвесткі, адрас, нумар банкаўскага рахунку. Размовы адбываліся тады, калі, паводле інфармацыі Паўла Латушкі, тэлефон Анжалікі нібыта ўжо фіксавалі ў Беларусі.
«Мы размаўлялі аб працы. Размова была самая звычайная, яна была спакойная, жартавала. Абсалютна нічога не паказвала, што нешта здарылася», — расказаў Свабодзе адзін зь сяброў Каардынацыйнай Рады.
Паводле выканаўцы абавязкаў сьпікера Каардынацыйнай рады Станіславы Гліньнік, сябры арганізацыі зьвярнуліся ў польскае МУС з прапановай дапамогі ў расьсьледаваньні, калі паліцыі будзе патрэбная ад іх інфармацыя:
Мы сабралі досыць поўную карціну, але гэта не дапамагае зразумець, што адбылося
«На сёньня мы сабралі досыць поўную карціну, хто і калі кантактаваў з Анжалікай унутры Каардынацыйнай рады, але гэта не дапамагае зразумець, што адбылося».
Павал Латушка кажа, што накіраваў лісты ў шэраг праваахоўных установаў Польшчы з просьбай падаць адпаведную інфармацыю:
«На жаль, мы павінны канстатаваць, што праваахоўныя органы Польшчы даволі скупа падаюць інфармацыю аб зьвестках, якія ім удалося атрымаць у рамках дасьледаваньня, зьвязанага са зьнікненьнем Анжалікі Мельнікавай».
На запыт Радыё Свабода прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Яцэк Дабжыньскі паведаміў, што яны не даюць ніякай інфармацыі пра зьнікненьне сьпікеркі Каардынацыйнай рады.
З словаў Паўла Латушкі, які спасылаецца на польскую паліцыю, Анжаліка Мельнікава вылецела ў Лёндан разам зь дзецьмі:
«Анжаліка Мельнікава, калі плянавала свой адпачынак, паінфармавала каманду, што яна плянуе выехаць у Вялікую Брытанію. Пазьней падчас маёй сустрэчы ў камэндатуры сталічнай паліцыі ў Варшаве мне пацьвердзілі, што яна разам зь непаўналетнімі дочкамі выехала ў Лёндан».
У сацыяльных сетках Анжалікі Мельнікавай фатаздымкі зь Лёндану датуюцца сьнежнем 2024 году.
Сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BySOL Аляксей Лявончык, які мае брытанскае грамадзянства, 4 красавіка падаў заявы аб зьнікненьні Анжалікі Мельнікавай у паліцыю Лёндану і ў Нацыянальнае агенцтва расьсьледаваньня злачынстваў:
«Я зьбіраюся таксама паехаць у аэрапорты Гітроў і Лутан, куды яна магла тэарэтычна прыляцець, каб падаць заяву там у памежную ахову. Я разумею, што гэтую інфармацыю мне могуць ня выдаць, бо гэта таямніца сьледзтва, але, мне здаецца, мы павінны нейкія высілкі прыкладаць — дзе знаходзіцца Анжаліка, бо такое зьнікненьне вельмі моцна нагадвае 1996–2000-я гады, калі зьнікалі апанэнты Лукашэнкі».
Аляксей Лявончык у бліжэйшы час плянуе яшчэ шэраг дзеяньняў, каб трымаць справу Анжаліку Мельнікавай у фокусе ўвагі.
«Кібэрпартызаны» дагэтуль ня маюць доступу да фонду
Беларуская супольнасьць ананімных хакераў «Кібэрпартызаны» дагэтуль ня мае доступу да фонду, якім кіравала Анжаліка Мельнікава і празь які ішлі грошы для іх у тым ліку, але працягвае займацца гэтай справай.
Афіцыйная прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» Юльяна Шаметавец адмовілася камэнтаваць Свабодзе сытуацыю, дадаўшы, што яны займаюцца расьсьледаваньнем, каб высьветліць, што здарылася з Анжалікай Мельнікавай.
Павал Латушка ня ведае, ці спрабавалі праваахоўныя органы наладзіць кантакт з былым мужам Анжалікі. Не адказаў ён і яе калегам у Каардынацыйнай Радзе і НАУ.
Але журналісты «Люстэрка» дазваніліся да Андрэя Мельнікава раніцай 7 красавіка. Ён пацьвердзіў ім, што знаходзіцца ў Беларусі і што зь ім — іхныя дзеці. Дзе Анжаліка, ён ня ведае: ён хвалюецца, куды яна зьнікла, але згадак, дзе можа быць Анжаліка, у яго няма. «Без паняцьця», — адказаў Андрэй Мельнікаў журналістам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Дзе спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава? Факты і вэрсіі