Расея працягвае гасіць сыгнал GPS над Балтыйскім морам

Ілюстрацыйнае фота

У сакавіку пілёты паведамлялі пра збоі ў працы прыладаў спадарожнікавай навігацыі больш за трыста разоў.

Польскае радыё з спасылкай на літоўскія мэдыя адзначае, што Расея па-ранейшаму спрабуе гасіць сыгнал GPS. Гэта ўплывае на бясьпеку палётаў у рэгіёне.

Паводле афіцыйных зьвестак літоўскай аэранавігацыйнай кампаніі, у сакавіку пілёты паведамлялі пра збоі ў працы прыладаў спадарожнікавай навігацыі больш за трыста разоў. У лютым такіх паведамленьняў было на паўсотні больш.

Падобныя збоі фіксуюць таксама ў Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі й Нарвэгіі.

Паводле Службы рэгуляваньня сувязі Літвы, збоі генэруюцца наўмысна і ідуць з тэрыторыі Калінінградзкай вобласьці.

«Яны рэгіструюцца ўвесь час і ў асноўным закранаюць усе самалёты, якія пралятаюць паблізу Калінінградзкай вобласьці або над Балтыйскім морам», — кажуць прадстаўнікі службы.

У канцы лютага дарадца прэзыдэнта Літвы Марус Часнулявічус заявіў, што такім чынам расейцы, хутчэй за ўсё, спрабуюць засьцерагчы сябе ад атакаў з боку Ўкраіны, згаданая дзейнасьць не накіраваная канкрэтна супраць Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея гасіць сыгналы GPS у раёне Балтыкі. Сытуацыя неспакойная». Эстонія, Латвія і Літва выступілі з супольнай заявай