Урад Польшчы абвінаваціў кібэр-групы з Расеі і Беларусі ва ўмяшаньні ў выбары

Дональд Туск

Улады Польшчы падазраюць беларускіх і расейскіх хакераў у атацы на кампутары кіроўнай партыі.

Расейскія і беларускія кібэр-суполкі маюць дачыненьне да атакі на інфармацыйныя сыстэмы польскай партыі «Грамадзянская плятформа», якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю, заявіў віцэ-прэм’ер польскага ўраду, міністар лічбавізацыі Кшыштаф Гаўкоўскі.

«Задзейнічаныя службы, якія ў апэратыўным рэжыме працуюць, каб старанна расьсьледаваць і прааналізаваць, як выглядалі вэктары пранікненьня. У нас ужо ёсьць першая інфармацыя, якая пацьвярджае ўчорашнія паведамленьні. Устаноўлена, што за нападам на кампутары офісаў і чальцоў парлямэнту ад „Грамадзянскай плятформы“ стаяць групы, зьвязаныя з Расеяй і Беларусьсю. У нас ёсьць пацьверджаньне таго, што акцыя была арганізаванай, а не выпадковай», — сказаў ён.

Заява трансьлявалася ў этэры польскіх тэлеканалаў навінаў, заўважыў Reform.

Адпаведныя службы заняліся расьсьледаваньнем дзейнасьці расейскіх і беларускіх праломнікаў супраць «Грамадзянскай плятформы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайскія хакеры ўзламалі элемэнты тэлекамунікацыйнай сыстэмы ЗША

2 красавіка пра атаку на інфармацыйныя сыстэмы «Грамадзянскай плятформы» заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск. Ён адзначыў, што была спроба ўмяшаньня ў выбары. Прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў Польшчы 18 траўня.

Стала вядома, што атака праломнікаў адбылася на кампутары на сядзібе «Грамадзянскай плятформы» ў Варшаве. Таксама адбылася спроба ўзлому прыладаў, якімі карыстаюцца сябры выбарчага штабу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Варшава абвінаваціла Маскву ў кібэратацы на сайт польскай падатковай службы


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рассакрэчаныя дакумэнты паказалі «агрэсіўныя гібрыдныя дзеяньні Расеі» на выбарах у Румыніі