Пра гэта піша партал «Люстэрка».
Ідэю рэфармаваць цэнавае рэгуляваньне Турчын агучыў 18 сакавіка ў эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны». На думку прэмʼера, у сьпісе павінны застацца толькі пазыцыі, якія «хвалююць большасьць людзей і ўплываюць на малазабясьпечаныя неабароненыя пласты насельніцтва».
Праз дзесяць дзён Аляксандр Лукашэнка прыгадаў прапанову кіраўніка ўраду.
«Новы прэмʼер-міністар пачынае варушыць старызну, маўляў: „Ну чаго там мы парымся, давайце скароцім напалову ці на траціну кантраляваныя тавары, няхай яны (прадаўцы. — Рэд.) самі там павялічваюць цану як хочуць, а вось гэтыя сацыяльна значныя тавары — гэта важна“. А хто сказаў, што гэта сацыяльна значныя? Магчыма, аўтамабіль для нас ужо перастаў быць сацыяльна значным. Ці ён сацыяльна значны? Ці залаты пярсьцёнак? Хіба гэта не сацыяльна значны тавар?» — абурыўся Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы прэм’ер Беларусі расказаў, ці плянуюць эмісію грошай для забесьпячэньня стабільнасьці эканомікіНаконт прапановы зьмяніць канцэпцыю цэнаўтварэньня ён зазначыў, што калі «мы старымі шляхамі пойдзем, то мы наўрад ці нешта выпрацуем».
Падчас нарады Лукашэнка таксама папракнуў прэмʼер-міністра Турчына і ягоны ўрад у тым, што тыя «наагул ня бачаць» прадпрымальнікаў, якія «раскідалі свой заробак па розных банках», атрымліваюць «у 100 разоў» больш, чым шараговыя супрацоўнікі іхных кампаніяў і «вывозяць капітал за межы краіны».
«Пракуратура маўчыць. Камітэт дзяржаўнага кантролю заўважыў і мне расказаў. Урад увогуле ня бачыць. Ну, напэўна, яго, Турчына, не паінфармавалі. Вось гэтага не павінна быць», — адзначыў Лукашэнка.