У МУС Беларусі назвалі хлусьнёй зьбіцьцё расейскага коміка і прыгразілі адказнасьцю за паклёп

Намесьнік міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай міліцыі Беларусі Генадзь Казакевіч. Архіўнае фота

Пра тое, што супрацоўнікі сілавых органаў Беларусі падчас затрыманьня зламалі рэбры і хрыбетнік расейскаму стэндап-коміку Арцемію Астаніну, заявіў ягоны адвакат.

Намесьнік міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай міліцыі Беларусі Генадзь Казакевіч назваў хлусьнёй паведамленьні аб зьбіцьці пры затрыманьні расейскага стэндап-коміка Арцемія Астаніна.

«Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці», — заявіў Генадзь Казакевіч.

Паводле яго, 17 сакавіка ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» затрымалі Арцемія Астаніна на запыт расейскіх сілавікоў, якія яго шукалі праз падазрэньне ў «распальваньні варожасьці».

«Далей органы ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь знаходжаньне гэтага грамадзяніна прызналі непажаданым, і ў вызначаным парадку яго прымусова выслалі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусі аўтамабільным транспартам пад канвоем супрацоўніка ГУБАЗ на мяжы з Расеяй і перадалі расейскім калегам», — патлумачыў ён.

Генадзь Казакевіч падкрэсьліў, што «пры затрыманьні і этапаваньні гэтага грамадзяніна якая-небудзь фізычная сілы і іншыя недазволеныя мэтады да яго не прымяняліся, беларускія сілавікі дзейнічалі цалкам адпаведна нацыянальнаму заканадаўству».

У Telegram-канале МУС Беларусі асобна папярэдзілі, што за «паклёп на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў прадугледжана крымінальная адказнасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія сілавікі зламалі рэбры і хрыбетнік расейскаму коміку Астаніну, — адвакат

Пра тое, што супрацоўнікі сілавых органаў Беларусі падчас затрыманьня зламалі рэбры і хрыбетнік расейскаму стэндап-коміку Арцемію Астаніну, заявіў ягоны адвакат, якога працытаваў расейскі Telegram-канал Mash.

Паводле адваката, у Астаніна пачаліся праблемы з лёгкімі. Нягледзячы на інфармацыю аб траўмах, 19 сакавіка Маскоўскі гарадзкі суд прыняў рашэньне ўзяць Астаніна пад варту на два месяцы ў рамках раней распачатай крымінальнай справы. Пры гэтым пракуратура выступала супраць узяцьця Астаніна пад варту, паведаміла расейскае агенцтва ТАСС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскага коміка затрымалі ў Беларусі пасьля жарту, у якім убачылі зьнявагу ўдзельнікаў расейскай вайны супраць Украіны