За два месяцы МАЗ прадаў на рынку Расеі 15 аўтобусаў, гэта ў 10 разоў менш, чым летась

Аўтобус МАЗ. Архіўнае фота

У лютым 2025 году на расейскім рынку прадалі 11 новых аўтобусаў Менскага аўтамабільнага заводу.

Гэта у 5,7 раза менш, чым у тым жа месяцы 2024-га (63), сьведчаць дадзеныя расейскага агенцтва «АСМ-холдинг», якія цытуе Позірк.

Прадукцыя МАЗ у мінулым месяцы заняла 8-е месца ў сьпісе самых прадаваных брэндаў гэтага сэгмэнту аўтарынку Расеі, канстатавалі экспэрты. Доля на рынку склала 1,8 працэнта (было 3,2 працэнта).

Больш за ўсё аўтобусаў у гэтым месяцы рэалізавалі ПАЗ — 290 (−67,2%), Yutong — 98 (−29%) і КамАЗ — 60 (−7,7%).

За студзень і люты разам прадалі 15 беларускіх аўтобусаў (летась было прададзена 147; менш у 9,8 раза).

Усяго за 2024 год МАЗ рэалізаваў у Расеі 504 адзінкі гэтай тэхнікі і заняў 9-е месца на рынку з доляй 2,6%.

10 лютага кіраўнік Архангельску Дзьмітрый Мораў паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што праблемы зь перавозам пасажыраў у горадзе ўзьніклі празь няспраўнасьці аўтобусаў МАЗ.

Акрамя таго, аўтобусы МАЗ у Расеі рэгулярна загараюцца. Апошні такі выпадак зафіксаваны 13 студзеня ў Ліпецку.

Праблему зь беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасьня 2023 году на сустрэчы з губэрнатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына загараньняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу — у браку «якаснага і своечасовага абслугоўваньня». Ён прапанаваў наладзіць тэхнічнае абслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства, аўтобусны парк, хакейны клюб. Як кітайскія аўтобусы выцясьняюць у Беларусі прадукцыю МАЗу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтобусы МАЗ загараюцца ўсё часьцей. Як гэта зьвязана зь міжнароднымі санкцыямі