Рабочая партыя Курдыстану аб’явіла аб спыненьні агню з Турэччынай. Збройны канфлікт працягваўся 40 гадоў

Партрэт Абдулы Аджалана ў руках ягоных прыхільнікаў, курдаў Турэччыны

Турэцкія ўлады даўно ўнесьлі партыю ў сьпіс тэрарыстычных арганізацый.

Рабочая партыя Курдыстану (РПК) абвясьціла пра спыненьне агню з Турэччынай. Перамір’е набыло моц раніцай 1 сакавіка, паведамляе выданьне Hurriyet.

РПК унесена ў сьпіс тэрарыстычных арганізацый у Турэччыне, Эўрапейскім зьвязе і ЗША. З 1984 г. арганізацыя вяла баявыя дзеяньні супраць Турэччыны, патрабуючы стварэньня ў дзяржаве аўтаноміі для курдаў.

27 лютага лідэр курдзкай партыі Абдула Аджалан, які шмат гадоў сядзіць у турме, заклікаў сваіх прыхільнікаў скласьці зброю і спыніць дзейнасьць.

Аджалан таксама зьвярнуўся да кіраўніцтва Турэччыны з заклікам «праявіць павагу да этнічных меншасьцяў, свабоды выказваньня меркаваньняў і права на дэмакратычную самаарганізацыю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Турэччыне заявілі аб антытэрарыстычнай апэрацыі. Арыштавалі больш за 100 грамадзян за нібыта сувязь з курдамі

Раззбраенне РПК можа стаць буйным палітычным посьпехам для прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, піша The New York Times. Раззбраеньне РПК прыбірае галоўную пагрозу ўнутранай бясьпецы Турэччыны і павысіць шанцы Эрдагана на канстытуцыйныя зьмены, якія дазваляюць яму балятавацца на трэці тэрмін.

Раней Эрдаган заяўляў пра неабходнасьць абнаўленьня Канстытуцыі, прынятай пасьля перавароту 1980 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр Фэтхулах Гюлен, якога Эрдаган вінаваціў у спробе дзяржаўнага перавароту ў 2016-м