У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі армянскай блогеркі Бэлы (Розы Бабаханьян), заўважылі праваабаронцы «Вясны». Адпаведнае рашэньне 24 лютага прыняў суд Чыгуначнага раёну Гомля.
У той жа дзень, 24 лютага, Бэлу Бабаханьян, якая правяла два тыдні за кратамі ў Беларусі, выслалі ў Армэнію на ўрадавым самалёце, які выкарыстоўвае сям’я Лукашэнкаў.
Бэла Бабаханьян мае і армянскае, і беларускае грамадзянства, больш за 27 гадоў жыла ў Беларусі. Апошнія гады вяла блог «У Бэлы», актыўна выказвалася ў падтрымку армянскіх інтарэсаў і ўступала ў вострыя дыскусіі з азэрбайджанцамі ў сацыяльных сетках. Паводле яе, пагрозы і скаргі на яе адрас паступалі даўно, аднак яна не чакала, што сытуацыя зойдзе так далёка.
Два тыдні таму Бабаханьян затрымалі ў Менску. Паводле некаторых зьвестак, у Беларусі на яе завялі крымінальную справу па абвінавачаньнях у распальваньні нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці, прапагандзе вайны, паклёпе і пагрозах забойства. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі не было, але зьявіліся чуткі, што затрыманьне адбылося на запыт Баку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Ці вышлюць беларусаў з Армэніі ў абмен на блогерку, якую вывезьлі на самалёце ЛукашэнкаўПаводле словаў Бабаханьян, пасьля арышту зь ёю сустрэўся кіраўнік партыі «Квітнеючая Армэнія» Гагік Царукʼян, які аказаў ёй прававую падтрымку, задзейнічаў дыпляматычныя каналы і асабістыя сувязі. Яе выслалі ў Армэнію на самалёце бізнэс-клясы, які выкарыстоўвае сям’я Лукашэнкаў.
Бабаханьян выказала падзяку ўсім, хто падняў шум вакол яе справы, і заявіла, што мае намер працягваць сваю дзейнасьць. Асэнсаваўшы тое, што здарылася, блогерка прыняла канчатковае рашэньне застацца ў Армэніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогерку Бэлу Бабаханьян, якая была пад арыштам у Менску, выслалі ў Ерэван