Экзыт-полы ў Нямеччыне: ХДЗ/ХСЗ перамагае, сацыял-дэмакраты Шольца атрымалі гістарычную паразу

Фрыдрых Мэрц, кандыдат у канцлеры замест Оляфа Шольца

Паводле экзыт-полаў, кансэрватыўная апазыцыя Нямеччыны атрымала найбольшыя лічбы на парлямэнцкіх выбарах у нядзелю.

Гэта забясьпечыць перамогу Фрыдрыха Мэрца, даўшы яму магчымасьць стаць пераемнікам канцлера Оляфа Шольца ў якасьці наступнага лідэра найбуйнейшай эканомікі Эўропы. У параўнаньні з выбарамі 2021 году хрысьціянскія дэмакраты значна ўзмацнілі сваю пазыцыю.

Блёк ХДЗ/ХСЗ Мэрца заняў першае месца з 28,5% галасоў, за ім ідуць «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) з 20%, гэта рэкорд для ультраправай партыі, паведамляе грамадзкая тэлекампанія ZDF. Левацэнтрысцкая СДПГ Шольца набрала 16,5% галасоў, што стала найгоршым вынікам за ўсю гісторыю.

Таксама сур’ёзныя страты панесьлі «Зялёныя» (каля 13%) і Свабодная дэмакратычная партыя (FDP), якая балянсуе на мяжы праходжаньня ў парлямэнт.

Партыя «Левыя» змагла пераадолець 5-працэнтны барʼер і набраць каля 8%.

Галоўнае пытаньне — хто ўвойдзе ў кіроўную кааліцыю. На думку аналітыкаў, пакуль што магчымым варыянтам выглядае паразуменьне ХДЗ/ХСЗ з сацыял-дэмакратамі, бо кансэрватарам і «Зялёным» можа не хапіць галасоў. Пэўнасьці чакаюць у бліжэйшыя тыдні, калі пачнуцца перамовы аб фармаваньні новага ўраду.

  • Летась у кастрычніку з Фрыдрыхам Мэрцам сустракалася Сьвятлана Ціханоўская. Паведамлялі, што Ціханоўская і Мэрц абмеркавалі ролю рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне, падтрымку эўрапейскай пэрспэктывы для Беларусі, падтрымку для грамадзянскай супольнасьці. Ціханоўская заклікала адрозьніваць беларусаў і рэжым і не складаць Беларусь і Расею ў адзін кошык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне праходзяць датэрміновыя выбары ў Бундэстаг