За апошні год колькасьць школ і вучняў Беларусі скарацілася

На занятках у школе ў Беларусі, архіўнае фота

Пра гэта сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Паводле інфармацыі Белстату, на пачатак 2024/2025 навучальнага году ў краіне была 3721 установа дашкольнай адукацыі — на 0,77% менш, чым на пачатак 2023/2024 году (3750). Там выхоўвалася 338,3 тыс. дзяцей (–4,89%; 355,7 тыс.).

У 2848 установах агульнай сярэдняй адукацыі (–0,84%; 2872) навучалася 1 млн 80,4 тыс. чалавек (–0,9%; 1 млн 90,2 тыс.), піша агенцыя навінаў.

Колькасць устаноў прафэсійна-тэхнічнай адукацыі за год скарацілася з 166 да 162, колькасьць навучэнцаў у іх вырасла з 63,1 тыс. да 67,5 тыс.; устаноў сярэдняй спэцыяльнай адукацыі паболела з 224 да 229, навучэнцаў у іх — са 112,7 тыс. да 116,6 тыс.

Колькасьць вышэйшых навучальных устаноў у краіне за гэты час скарацілася з 49 да 47, колькасьць студэнтаў упала істотна — з 232,9 да 224,2 тыс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не вучыла дзяцей хадзіць шыхтом». Размова з настаўніцай Тацянай Крапіневіч, якая зьехала з краіны праз даносы Бондаравай

Аналітыкі iSANS у лістападаўскім дакладзе, прысьвечаным выкарыстаньню ўладамі Беларусі рэсурсаў сыстэмы адукацыі для арганізацыі і правядзеньня выбараў, адзначалі „значныя зьмены“ ў гэтым працэсе з другой паловы 2022 году, а першыя істотныя праявы гэтых зьменаў адбыліся пры правядзеньні Адзінага дня галасаваньня на пачатку 2024 году.

Трэцяга лютага на паседжаньні ЦВК, дзе падводзіліся канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, старшыня камісіі Ігар Карпенка заявіў, што ўлады і надалей будуць актыўна працаваць з моладзьдзю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нехта 20 рублёў на год, хтосьці — 100. Бацькі школьнікаў расказваюць пра паборы ў беларускіх школах