Калюмбія паведаміла Ізраілю пра разрыў дыпляматычных стасункаў

Прэзыдэнт Калюмбіі Густава Пэтра. Архіўнае фота.

МЗС Калюмбіі афіцыйна апавясьціла Ізраіль пра разрыў дыпляматычных стасункаў. «Нота аб рашэньні ўраду разарваць з сёньняшняга дня дыпляматычныя дачыненьні зь дзяржавай Ізраіль была афіцыйна ўручана паслу Ізраіля ў Калюмбіі», — гаворыцца ў паведамленьні дыпляматычнага ведамства ў сацсетцы X.

Пасла Ізраіля таксама праінфармавалі, што парадак і тэрміны выезду калюмбійскіх дыпляматаў будуць узгоднены пазьней.

У паведамленьні МЗС Калюмбіі адзначаецца, што праца консульстваў дзьвюх краін у Тэль-Авіве і Багаце працягнецца.

Пра тое, што Багата мае намер разарваць адносіны з Ізраілем, 1 мая паведаміў прэзыдэнт Калюмбіі Густава Пэтра. Прычынай рашэньня ён назваў дзеяньні Ізраіля ў паласе Газы. У адказ міністар замежных спраў Ізраіля Ісраэль Кац, напісаў, што Пэтра вырашыў устаць на бок тых, хто «спальваў немаўлят, забіваў дзяцей, гвалтаваў жанчын і выкрадаў ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў».

Густава Пэтра ўжо неаднаразова падвяргаў рэзкай крытыцы ваенныя дзеяньні Ізраіля ў паласе Газы, называючы іх генацыдам. Сёлета ў лютым Калюмбія прыпыніла закупкі зброі з Ізраіля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Турэччына прыпыніла ўвесь гандаль з Ізраілем
  • 7 кастрычніка 2023 года на Ізраіль учыніла напад радыкальная ісламісцкая групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ. Яе ўдзельнікі забілі больш за 1200 чалавек і каля 250 узялі ў заложнікі. У адказ на напад Ізраіль пачаў у паласе Газы, якая знаходзіцца пад кантролем ХАМАС, ваенную апэрацыю з мэтай «зьнішчыць ХАМАС». Паводле Міністэрства аховы здароўя Газы, у выніку ізраільскіх абстрэлаў загінулі дзясяткі тысяч палестынцаў — у асноўным жанчын і дзяцей. Незалежнага пацьверджаньня гэтым дадзеным няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калюмбія і Вэнэсуэла адкрылі мост на мяжы, які быў закрыты амаль сем гадоў праз палітычную напружанасьць паміж краінамі