Стала вядома пра сьмерць у ізалятары Белгараду расейскага валянтэра, які дапамагаў украінцам

На ўезьдзе ў расейскі горад Белгарад. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандру Дземідзенку двойчы працягвалі арышт на 2 месяцы. Апошні раз — у лютым. Тэрмін апошняга арышту меўся скончыцца 21 красавіка.

У Белгарадзкім сьледчым ізалятары № 3 памёр мясцовы валянтэр Аляксандар Дземідзенка, які дапамагаў украінскім уцекачам.

Як паведаміў праект Белсату «Вот так», мужчына памёр яшчэ 5 красавіка, але адвакат даведаўся пра гэта толькі праз тры дні.

Алег, сын валянтэра, ня выключыў, што ягоны бацька мог загінуць у выніку суіцыду. «Яго псыхалягічна забівалі паўгода ў СІЗА без спатканьняў з сваякамі і хаця б кніг», — напісаў ён.

У кастрычніку 2023 году Telegram-канал «Пепел» паведаміў, што Аляксандра Дземідзенку выкралі невядомыя ў той момант, калі ён прывёз насілкі для анкалягічна хворай жанчыны на кантрольна-прапускны пункт «Калацілаўка». Пазьней ягоная жонка Натальля расказала, што калі Аляксандра прывезьлі дадому, на ягоным целе было шмат сінякоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галюцынацыі, думкі пра суіцыд. Экспэрты расказалі, што адбываецца зь беларускімі палітвязьнямі ў штрафных ізалятарах калёній

Неўзабаве валянтэра арыштавалі на 10 содняў паводле адміністрацыйнай справы за нібыта спажываньне алькаголю ў забароненым месцы, а на пачатку лістапада 2023 году — ужо ў межах крымінальнай справы паводле падазрэньня ў «незаконным абарачэньні зброі». Паводле сьледзтва, ён нібыта захоўваў дома выбухоўку. Сам Дземідзенка сьцьвярджаў, што знайшоў выбуховае рэчыва, але не пасьпеў перадаць яго ў паліцыю

Пазьней Telegram-канал «Можем объяснить» са спасылкай на сына валянтэра паведаміў, што супраць Аляксандра Дземідзенкі завялі яшчэ адну справу — паводле артыкула аб дзяржаўнай здрадзе. Але адвакатка валянтэра Алена Палымава зьняпраўдзіла гэтае паведамленьне.

Аляксандру Дземідзенку двойчы працягвалі арышт на 2 месяцы. Апошні раз — у лютым. Тэрмін апошняга арышту меўся скончыцца 21 красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз увёў санкцыі супраць дзьвюх расейскіх калёній і больш як 30 судзьдзяў і чыноўнікаў у сувязі са сьмерцю Навальнага