27 сакавіка на Алеі Беларусі зьявіліся новыя дрэвы. На месцы правялі невялікі мітынг. Акрамя пасадкі дрэў, адбылася і мастацкая частка — Вячка Красулін зайграў на беларускай дудзе, а калектыў беларусак у народных строях пад кіраўніцтвам Сьвятланы Чакушкі прасьпяваў некалькі беларускіх народных песень.
Вячка Красулін грае на дудзе
Момант выступу
У афіцыйнай частцы некалькі слоў сказалі арганізатар падзеі Валянцін Стэх, ініцыятар стварэньня Беларускай алеі Гедрус Сурпліс, прэс-сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна, беларускі гісторык Яўген Красулін. Яны гаварылі пра тое, што пратэсты 2020 году спарадзілі натхненьне і надзею на хуткія перамены ў Беларусі. І хоць надзеі пакуль ня зьдзейсьніліся, але гэтая алея — сымбаль барацьбы за свабоду беларусаў і сымбаль падтрымкі Літвы.
Яўген Красулін і іншыя ўдзельнікі
Сымбалічна, што шэрая тумба адзначае месца, дзе ў 1991 годзе стаяла барыкада змагароў за незалежнасьць Літвы.
Алея Беларусі, вігілія дэмакратыі — таблічка пры алеі
Алея складаецца з рабінавых дрэў. Арганізатары выбралі менавіта гэтае дрэва, «бо рабіна натхняе і нікога ня можа пакінуць абыякавым».
Рабіны на алеі
Дрэвы саджалі вучні Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны. Яны зь вялікай цікавасьцю слухалі аповеды ўдзельнікаў пратэстаў пра падзеі ў Менску ў 2020 годзе.
Удзельнікі цырымоніі
Гедрус Сурпліс, Валянцін Стэх і Ганна Красуліна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віленскі муніцыпалітэт заявіў, што помнік паўстанцам Каліноўскага ўсталявалі незаконна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дапамога добраахвотнікам, захаваньне культуры». Грамадзкія актывісты ў Вільні абмеркавалі актуальныя праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларусы