Пасьля наведваньня Аўстрыі на 20–21 кастрычніка ў графіку Сьвятланы Ціханоўскай візыт у Малдову.
«Я рада пачаць свой візыт у Малдову па запрашэньні прэзыдэнта Маі Санду. Я зь нецярплівасьцю чакаю магчымасьці абмеркаваць нашы агульныя эўрапейскія памкненьні», — напісала Ціханоўская ў сацсетках.
Апрача прэзыдэнткі Маі Санду, Ціханоўская таксама сустрэнецца са сьпікерам парлямэнту Малдовы Ігарам Гросу, парлямэнцкай групай «За дэмакратычную Беларусь», возьме ўдзел у Малдоўскім жаночым форуме.
Як паведаміла прасавая служба Ціханоўскай, у Канбэры дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка сустрэўся з намесьнікам міністра замежных справаў Аўстраліі, прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў, з офісам прэм’ер-міністра, новапрызначаным паслом Аўстраліі ў Расеі (які па сумяшчальніцтве адказвае за Беларусь), амбасадарам у правах чалавека, лідэрамі кіроўнай Рабочай партыі Аўстраліі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўстрыйскі ўнівэрсытэт запусьціў стыпэндыяльную праграму для беларусаў пад патранажам ЦіханоўскайТаксама Вячорка правёў асобныя сустрэчы з кіраўніком дэлегацыі ЭЗ, амбасадарамі Нямеччыны, Францыі, Латвіі, Польшчы, сустрэўся зь беларускай дыяспарай і экспэртнай супольнасьцю.
Як піша прэсавая служба Офіса Сьвятлана Ціханоўскай, падчас сустрэч абмяркоўвалі падтрымку для былых палітвязьняў і іх рэабілітацыю, прыцягненьне рэжыму да адказнасьці праз Міжнародны крымінальны суд, санкцыі супраць лукашэнкаўскіх памагатых і алігархаў, прапагандыстаў і судзьдзяў. Вячорка заклікаў Аўстралію падняць пытаньне Беларусі ў рамках Вялікай дваццаткі (G20) і ASEAN. Таксама абмяркоўвалі магчымы візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Аўстралію ў 2024 годзе.
Вячорка заклікаў новапрызначанага амбасадара ў Расею і Беларусь не ўручаць даверчыя лісты Лукашэнку.
На сустрэчы зь Міністэрствам унутраных справаў гаварылі аб праблемах легалізацыі беларусаў у Аўстраліі, выдачы часовых праязных дакумэнтаў, а таксама аб прызнаньні новага беларускага пашпарта.
Раней Аўстралія ўвяла пэрсанальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, ягоных дзяцей і блізкіх памагатых, міністра абароны Хрэніна. Аўстралія падтрымала рашэньне аб прымяненьні 33-га артыкулу Статуту Міжнароднай арганізацыі працы супраць рэжыму Лукашэнкі за парушэньне правоў працоўных. Аўстралія не прызнала вынікаў выбараў 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская правяла перамовы зь міністрам замежных справаў Вялікай Брытаніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на Беларуска-Брытанскім форуме заклікала пашырыць санкцыі супраць беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў. ФОТА