Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў парушэньне правоў магілёўскага журналіста Буракова

Аляксандар Буракоў

Пра тое, што Камітэт стаў на абарону Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з Deutsche Welle, стала вядома толькі пасьля вызваленьня з калёніі праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

Пра справу Аляксандра Буракова піша тэлеграм-канал праваабаронцаў Mayday Team.

Ідзецца пра інцыдэнт 16 верасьня 2014 году. У той дзень сямёра міліцыянтаў пад кіраўніцтвам маёра Пугачова ўварваліся ў кватэру журналіста і правялі там ператрус, назваўшы яго «аглядам месца правапарушэньня». Аляксандра Буракова абвінавацілі ў парушэньні закону аб СМІ — нібыта ён працуе на нямецкую мэдыякампанію Deutsche Welle без акрэдытацыі.

На Буракова склалі адміністрацыйны пратакол і аштрафавалі на 500 эўра.

У адказ журналіст абскардзіў рашэньне суду і ў 2015 годзе падаў скаргу ў КПЧ ААН. Істоту справы, як выявілася, разглядалі яшчэ на 131-й сэсіі Камітэту ў сакавіку 2021 году. У рашэньні ад 18 траўня 2021 году Камітэт прыйшоў да высновы, што правы журналіста былі парушаныя, а дзяржава адпаведна палажэньням Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах абавязана даць яму эфэктыўны сродак праўнай абароны. Дзяржава таксама мусіла даць журналісту адэкватную кампэнсацыю і пакрыць выдаткі, у тым ліку штраф і судовыя выдаткі. Акрамя таго, патрабавалася прыняць захады для недапушчэньня такіх парушэньняў у будучыні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спаць не даюць, голымі ставяць у калідоры». Затрыманых каля суду над Севярынцам журналістаў, арыштавалі на 20 дзён

Аднак рашэньне прынялі ў момант, калі журналіст адбываў 20-дзённы арышт пасьля незаконнага затрыманьня напярэдадні судовага паседжаньня ў справе Паўла Севярынца ў траўні 2021 году. А яшчэ празь месяц Аляксандар Буракоў, які праходзіў сьведкам у крымінальнай справе супраць ПЦ «Вясна», вымушаны быў пакінуць Беларусь. Таму ён ня ведаў пра рашэньне КПЧ ААН.

Вядома, што апошнія два гады Буракоў працаваў карэспандэнтам на Паўднёвым Каўказе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 праваабарончых арганізацый падрыхтавалі ліст 413 беларускім судзьдзям. Ім нагадалі пра адказнасьць за злачынствы рэжыму Лукашэнкі

Уладзімер Пугачоў за гэты час даслужыўся да званьня падпалкоўніка і пасады намесьніка начальніка Кастрычніцкага РАУС Магілёва — начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі. У траўні 2020 году ён быў яшчэ маёрам і адыграў адну з ключавых роляў пры затрыманьні картэжу Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве.

Рашэньне ў справе Аляксандра Буракова ў базе зьвестак ААН адшукаў палітвязень і экспэрт у працы з КПЧ ААН Леанід Судаленка, які нядаўна вызваліўся з турмы і вымушана пакінуў краіну.

У кастрычніку 2022 году рэжым Лукашэнкі дэнансаваў факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Цяпер беларусы ўжо ня могуць зьвяртацца з скаргамі аб парушэньні сваіх правоў у КПЧ ААН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПАРЭ падтрымала рэзалюцыю аб ліквідацыі юрыдычных перашкод для беларусаў у выгнаньні. Чаму гэта важна