МУС Расеі правярае Лію Ахеджакаву на «дыскрэдытацыю» войска праз выхад на сцэну ў Брэмэне з украінскім сьцягам 

Лія Ахеджакава. Архіўнае фота.

Галоўнае ўпраўленьне МУС Расеі па Маскве пачало праверку ў дачыненьні да народнай артысткі Расеі Ліі Ахеджакавай па артыкуле аб «дыскрэдытацыі» расейскага войска.

Аб гэтым паведамляе расейскае агенцтва ТАСС са спасылкай на праваахоўныя органы.

Праверку пачалі з прычыны відэа спэктакля «Мой унук Веньямін», які праходзіў у Брэмэне 27 чэрвеня, дзе Ахеджакава выйшла на сцэну з украінскім сьцягам.

Зварот з просьбай правесьці праверку напісаў кіраўнік расейскага «Фэдэральнага праекта па бясьпецы і барацьбе з карупцыяй» Віталь Барадзін. На яго думку, Ахеджакава «дыскрэдытавала Расею, грамадзянкай якой працягвае зьяўляцца».

Імя Віталя Барадзіна стала згадвацца ў прэсе ў сувязі з ягонымі зваротамі ў Генпракуратуру з просьбамі праверыць прадстаўнікоў расейскай культуры, якія выказваюць антываенную пазыцыю.

У красавіку Барадзін ужо пісаў данос на Ахеджакаву ў Генпракуратуру Расеі. Ён прасіў завесьці ў дачыненьні да актрысы крымінальныя справы па трох артыкулах: аб дзяржаўнай здрадзе, «дыскрэдытацыі» арміі Расеі і ўзбуджэньні нянавісьці або варожасьці.

  • 85-гадовая Лія Ахеджакава, якая выступае супраць вайны Расеі супраць Украіны, была вымушаная пакінуць Расею. Актрыса неаднаразова выказвала падтрымку беларускім мірным пратэстам 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Лію Ахеджакаву напісалі данос у Генпракуратуру РФ, каб завялі на яе справы аб дзяржаўнай здрадзе і «дыскрэдытацыі» расейскай арміі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі тэатар «Современник» пацьвердзіў звальненьне акторкі Ліі Ахеджакавай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Жыве Беларусь назаўсёды!». Лія Ахеджакава пра беларускае шчасьце, адплату і спробы забраць у яе званьне народнай артысткі