«Калегі зь Беларусі» хочуць адкрыць аналяг расейскага вайскова-патрыятычнага цэнтру «Авангард», заявіла ТАСС дырэктарка гэтай установы Дар’я Барысава на палях форуму «Армія-2023».
«Стэнд „Авангарда“ наведваў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, — сказала яна. — Ён ужо быў у нашым цэнтры некалькі гадоў таму, аглядаў тэрыторыю. Мы дамовіліся пра тое, што ў бліжэйшы час прапрацуем магчымасьць падпісаньня міжнароднага мэмарандуму аб супрацоўніцтве ў гэтай галіне паміж нашымі краінамі і паўдзельнічаем у стварэньні „Авангарду“ на тэрыторыі Беларусі».
Паводле Барысавай, у Беларусі такі цэнтар «можа адкрыцца пад іншай назвай», але «сутнасьці гэта не памяняе».
Вайскова-патрыятычны цэнтар «Авангард» быў створаны ў 2020 годзе на тэрыторыі парка «Патрыёт» у Падмаскоўі. Паводле інфармацыі на сайце цэнтру, яго задача заключаецца ў «адукацыі і выхаваньні маладога пакаленьня ў духу любові да радзімы» і «папулярызацыі сярод моладзі вайсковай і дзяржаўнай службы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сутнасьць беларуса — рускасьць». Як рэжым Лукашэнкі робіць зь дзяцей «патрыётаў»Адначасова ў ім могуць навучацца і кругласутачна пражываць 2,7 тысячы школьнікаў і студэнтаў каледжаў.
«Вайсковыя зборы для кожнай катэгорыі навучэнцаў доўжацца 5 дзён, на працягу якіх старшаклясьнікі і студэнты агульнаадукацыйных арганізацый вывучаюць шэсьць ваенна-ўліковых спэцыяльнасьцяў. <...> За год цэнтар прымае звыш 80 тысяч курсантаў», — гаворыцца ў апісаньні ўстановы.
- Пасьля падзеяў 2020 году ў Беларусі сталі масава ствараць «вайскова-патрыятычныя клясы», якія курыруюць сілавыя труктуры.
- Як паведамляў у траўні віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, у Беларусі стварылі ўжо каля 800 патрыятычных клюбаў, а да канца бягучага году плянуюць стварыць патрыятычныя клясы ў кожнай школе Беларусі.