У РФ будуць караць за «няправільныя» мапы Расеі

За «няправільныя» мапы Расеі прадугледжаны штраф або арышт да 15 сутак

Дзярждума РФ у чацьвер адразу ў другім і трэцім чытаньнях ухваліла законапраект аб штрафах за мапы, якія адмаўляюць, на думку дэпутатаў, тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі.

Згодна з дакумэнтам, распаўсюджваньне такіх мапаў будзе пагражаць штрафам да 1 мільёна рублёў (11,5 тысячы эўра) або арыштам да 15 сутак.

Гаворка ідзе аб мапах, на якіх, у прыватнасьці, анэксаваныя ўкраінскія тэрыторыі не пазначаны як расейскія. Як гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да законапраекту, апошнім часам актыўна распаўсюджваюцца мапы і іншыя выявы, дзе анэксаваны Крым, Курыльскія астравы ці іншыя тэрыторыі не паказваюцца расейскімі.

У 2014 годзе Расея анэксавала ўкраінскі Крым. Анэксія не была прызнана большасьцю краін сьвету. У 2022 годзе пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расея абвясьціла аб анэксіі Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны. Гэтая анэксія таксама не прызнаная амаль усімі краінамі сьвету. Пры гэтым ніводная з гэтых абласьцей, у адрозьненьне ад Крыму, цалкам не знаходзіцца пад кантролем расейскага войска.

Расейскую прыналежнасьць чатырох паўднёвых Курыльскіх астравоў адмаўляе Японія. Спрэчка не ўрэгуляваная з моманту заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Хоць СССР выказваў гатоўнасьць вярнуць Японіі сама меней два востравы, улады Расеі заяўляюць, што не гатовыя ні да якіх кампрамісаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ваяры палка Каліноўскага чакаюць мяне». Музыка Піт Паўлаў пра канцэрт N.R.M.by ва Ўкраіне