Беларускае дударства набудзе статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці

Архіўнае фота 2018 году. Васіль Шкіндзер, гаспадaр аграсядзібы «Поўсьвіж» на Лепельшчыне, зь беларускай дудой

Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны падтрымала прапанову аб наданьні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці элемэнту «Культура беларускай дуды».

Адпаведную пастанову Міністэрства культуры Беларусі прыме ў хуткім часе, паведамляе тэлеграм-канал Мінкульту. Таксама Менскі аблвыканкам плянуе падрыхтаваць дасье «Культура беларускай дуды» для накіраваньня ў UNESCO ў 2024 годзе.

Дуда — традыцыйны музычны беларускі народны інструмэнт, яна выкарыстоўвалася для суправаджэньня танцаў, песень і прыпевак, на сямейных і каляндарных абрадавых сьвятах, ігрышчах і кірмашах.

Беларускай дудой варта называць канкрэтны від аднагукавай дуды — духавы народны музычны інструмэнт, які складаецца са скуранога меху, аднаго гуку (бурдону), адной жалейкі (перабор), соскі, а таксама на кожнай зь ігравых трубак усталяваны рагаўні-раструбы, адзначае ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дуда і дудары сталі нацыянальным сымбалем?

Паводле археалягічных крыніц, дуда на Беларусі вядомая з канца XIII стагодзьдзя, а ўпершыню ў пісьмовых крыніцах яна ўзгадваецца ў канцы XV ст. Самая раньняя выява дуды на беларускіх землях зафіксаваная на керамічнай плітцы XVI ст.

Гістарычны арэал распаўсюджаньня культуры дуды — Віцебшчына, Меншчына і Гарадзеншчына, дзе сустракаліся аўтэнтычныя віды дударскай традыцыі з XVI-XVII стагодзьдзяў.

Цяпер у Беларусі налічваецца 30 дудараў-майстроў, а таксама каля 100 аматараў, адзначае ведамства. Дударская традыцыя бытуе на тэрыторыі Віцебскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Менскай абласьцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму зноў зайгралі беларускія дуды?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад дуду скакаць ці хаваць?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае дударства