Мель, які раней быў савецкім вайскоўцам, ужо вярнуўся ў Расею. «У дзень вызваленьня Меля расейскія дыпляматы суправаджалі яго да мяжы. Шчыра радыя вяртаньню Юрыя Мікалаевіча на радзіму», – сказала Захарава.
У 2019 годзе Віленскі акруговы суд прысудзіў Мелю сем гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў «злачынствах супраць літоўскай дзяржавы і ваенных злачынствах падчас падзей у Вільні 13 студзеня 1991 года». Праз два гады яму ўзмацнілі жорсткасьць прысуду, дадаўшы тры гады да тэрміну пакараньня. Мель аспрэчыў гэтае рашэньне, прысуд зьмякчылі на год. У выніку ў зьняволеньні ён правёў каля дзевяці гадоў.
Юрыя Меля затрымалі ў сакавіку 2014 года, калі ён прыехаў у Літву з Калінінградзкай вобласьці. З таго часу аж да вызваленьня ён знаходзіўся пад вартай.
У пэрыяд з 11 па 13 студзеня 1991 года ў Вільні праходзілі сутыкненьні паміж прыхільнікамі незалежнасьці Літвы і савецкімі вайскоўцамі. У ноч на 13 студзеня калёна савецкай бронетэхнікі накіравалася ў цэнтар Вільні. Па вэрсіі сьледзтва, Юры Мель быў у адным з танкаў. У той самы дзень савецкія дэсантнікі штурмавалі тэлецэнтар, загінулі 14 чалавек, яшчэ каля 600 пацярпелі.
Разам зь Мелем у Літве асудзілі яшчэ больш за 50 расейскіх грамадзян – большасьць зь іх завочна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі палітоляг Пастухоў назваў тры прычыны, чаму Захад не адверне Лукашэнку ад Пуціна