Журналіста Алеся Любенчука ў калёніі пазбавілі пасылак, перадач і спатканьняў

Алесь Любянчук, архіўнае фота

Адміністрацыя магілёўскай калёніі № 15 на 3 месяцы пазбавіла журналіста Алеся Любенчука пасылак, перадач і спатканьняў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле праваабаронцаў, палітвязьня накіравалі ў калёнію на пачатку лютага. Па прыбыцьці, пакуль Алесь быў на карантыне, адміністрацыя калёніі ўжо пазбавіла яго пасылак, перадач і спатканьняў тэрмінам на 3 месяцы нібыта за «парушэньне правілаў унутранага распарадку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Алеся Любенчука асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі
  • Алеся Любенчука затрымалі 26 траўня 2022 году ў вёсцы Крывічы пад Іўем (Горадзенская вобласьць), дзе ён займаўся аднаўленьнем гісторыка-культурнай спадчыны свайго краю.
  • Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім). 27 кастрычніка судзьдзя Алена Ананіч зь Менскага гарадзкога суду прысудзіла Любенчуку 3 гады пазбаўленьня волі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
  • Сёлета 24 студзеня Вярхоўны суд адхіліў скаргу журналіста і пакінуў прысуд у сіле.
  • Зь лістоў Любенчука на волю вядома, што яшчэ ў менскім СІЗА № 1, дзе яго ўтрымлівалі спачатку, у яго значна пагоршыўся стан здароўя.
  • Алесь Любянчук шмат займаўся дабрачыннасьцю, дапамагаў дзецям-сіротам, арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Наваградчыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 лютага: год калёніі ў «фаніпальскай справе» за ўдзел у пратэстах; затрыманьні ў Салігорску

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».