На дзіцячым міні-футбольным турніры ў Баранавічах малады гулец, ня згодны з працай судзьдзі, купіў яму акуляры

Гульня ў міні-футбол, ілюстрацыйнае фота

Кур’ёзны выпадак адбыўся ў матчы дзіцячай каманды са Смаргоняў.

На дзіцячым турніры ў міні-футболе, які праходзіў у адной з спартовых заляў у Баранавічах, адбыўся кур’ёзны выпадак. Як піша прэс-сакратар футбольнага клюбу «Смаргонь» Андрэй Маслоўскі, у сустрэчы ягонай каманды судзьдзя не паставіў пэнальці ў моманце, калі брамнік нібыта схапіў смаргонца за нагу.

У выніку далей па турніры прайшла баранавіцкая каманда.

Пра відавочны пэнальці, па словах Маслоўскага, сказаў нават трэнэр мясцовай каманды, у браму якой яго мусілі паставіць.

12-гадовы брамнік смаргонскай каманды па-свойму падтрымаў партнэраў — ён купіў у краме акуляры і прынёс іх на цырымонію ўзнагароджаньня, каб уручыць арбітру. Аднак той на цырымоніі не зьявіўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ператрус у офісе футбольнага клюбу «Шахцёр» у Салігорску

Учынак юнага гульца выклікаў спрэчкі. Некаторыя хваляць футбаліста за дасьціпны сарказм, некаторыя пішуць, што для такога юнага гульца падобныя паводзіны непрымальныя і ў такім узросьце яшчэ нельга так рэагаваць на судзейства, нават калі яно здаецца несправядлівым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы кіраўнік фэдэрацыі футбола Беларусі. Пры ім краіна пачала выступаць у адборачных турнірах чэмпіянатаў сьвету і Эўропы