У Грузіі памёр актор і сьпявак Вахтанг Кікабідзэ

Вахтанг Кікабідзэ, архіўнае фота 2015 году

У Грузіі ва ўзросьце 84 гадоў памёр вядомы актор Вахтанг Кікабідзэ. Пра гэта паведаміў грузінскі тэлеканал «Мтавары архі».

Вахтанг Кікабідзэ — савецкі і грузінскі актор, кінарэжысэр, сцэнарыст, сьпявак і аўтар песень, а таксама палітычны дзеяч. Быў прызнаны народным артыстам Грузінскай ССР, заслужаным артыстам Украіны, ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.

Кікабідзэ нарадзіўся ў Тбілісі ў 1938 годзе. Працаваў у Тбіліскай філярмоніі, у 1960-я гады пачаў здымацца ў кіно. Ён стаў шырока вядомы па ўсім СССР у 1970-я гады дзякуючы сваім ролям у фільмах Георгія Данелія, таких як як «Міміно» і «Не бядуй!». Агулам сыграў больш як у 20 фільмах, апошняя роля — ва ўкраінскім сэрыяле «Сваты-7».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вахтангу Кікабідзэ 80: «Колькі можна баяцца?» ВІДЭА

Папулярнымі былі таксама песьні, якія выконваў Кікабідзэ, у тым ліку на расейскай мове — «Мае гады, маё багацьце», «Праводзіны каханьня» і іншыя.

У ліпені 2008 году Кікабідзэ ўручылі расейскі Ордэн Дружбы, ад якога ён празь месяц адмовіўся з прычыны расейска-грузінскай вайны, якую ён ахарактарызаваў як агрэсію Расеі супраць Грузіі. З часоў расейска-грузінскай вайны Кікабідзэ не выступаў у Расеі. Ён асудзіў таксама анэксію Крыму і шырокамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

«Я гэта назваў мярзотнай вайной. Існуе сатана. Вось ён і ёсьць», — заявіў Вахтанг Кікабідзэ пра Пуціна і распачатую ім вайну ва Ўкраіне.

У апошнія гады Кікабідзэ неаднаразова выступаў ва Ўкраіне, выступаючы ў падтрымку гэтай краіны і з крытыкай дзеяньняў Расеі.

У 2020 годзе быў абраны ў парлямэнт Грузіі ад апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» Міхаіла Саакашвілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вахтанг Кікабідзэ: Расеі патрэбная «сьвежая кроў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вахтанг Кікабідзэ вярнуўся з гастроляў па Ўкраіне: «Народ прагне волі» ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вахтанг Кікабідзэ: «Вялікі грэх узяў на душу Уладзімір Пуцін» (ВІДЭА)