«Усьмешлівага папу» Яна Паўла I прылічылі да ліку блаславёных

Папа Ян Павал І і ягоны наступнік, кардынал Караль Вайтыла 1978

Папа Рымскі Францішак прылічыў да ліку блаславёных аднаго са сваіх папярэднікаў — папу Яна Паўла I.

Цырымонія бэатыфікацыі прайшла ў нядзелю на плошчы Сьвятога Пятра ў Ватыкане пры ўдзеле дзясяткаў тысяч вернікаў. Бэатыфікацыя — перадапошні крок на шляху да кананізацыі, гэта значыць прылічэньня да ліку сьвятых.

Ян Павал I (сьвецкае імя Альбіна Лучані) узначальваў Каталіцкую царкву ў 1978 годзе. Ягоны пантыфікат доўжыўся ўсяго 33 дні — адзін з самых кароткіх пантыфікатаў у гісторыі царквы. Яго выбралі папам 26 жніўня 1978 году, 29 верасьня ён памёр.

З раптоўнай сьмерцю папы зьвязаны шэраг кансьпіралагічных тэорый. У прыватнасьці, сьцьвярджалася, што ён быў атручаны. Эпізод з «атручэньнем» Яна Паўла I трапіў і ў трэцюю частку фільма «Хросны бацька». Ватыкан сьцьвярджае, што папа памёр ад натуральных прычын — ад інфаркту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа рымскі расказаў, што ў ватыканскай адміністрацыі зьявіцца больш жанчын

Яна Паўла I звалі «ўсьмешлівым папам», пра ягоную ўсьмешку ўспомніў і папа Францішак падчас цырымоніі бэатыфікацыі, сказаўшы, што сваёй усьмешкай ягоны папярэднік «мог сьведчыць аб дабрыні Госпада». Лучані быў прыхільнікам царкоўных рэформаў, выступаў за прастату і сьціпласьць, супраць інтрыг. На гэты момант ён апошні італьянец, абраны Папам Рымскім. Ян Павал I упершыню ў гісторыі царквы пры ўзыходжаньні на папскі пасад узяў сабе два імені; тое самае паўтарыў ягоны непасрэдны наступнік, кардынал Караль Вайтыла, які пасьля абраньня папам узяў імя Яна Паўла II (кананізаваны ў 2014 годзе).

Царква афіцыйна прызнала цудам ацаленьне аргентынскай дзяўчынкі, бацькі якой маліліся Яну Паўлу I. Гэта дазволіла прылічыць яго да ліку блаславёных. Для кананізацыі патрабуецца афіцыйнае прызнаньне другога цуду.