«У вайне я займаю нэўтральную пазыцыю, а Каліноўскі — польскі шляхціч». Экс-кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітры Вус пра вайну і чым жыве цяпер

Дзьмітры Вус, архіўнае фота

Бізнэсовец Дзьмітры Вус у 2010 годзе быў адным з апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Яго нават асудзілі на 5,5 года калёніі за ўдзел у пасьлявыбарных «беспарадках». Адседзеў крыху болей за чатыры месяцы, выйшаў па рашэньні Лукашэнкі.

Ад пачатку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны Дзьмітры Вус рашуча падтрымаў дзеяньні прарасейскіх сілаў. Сам казаў, што ён прыхільнік ідэй «русского мира». Ці не памяняліся ягоныя погляды ў сувязі з вайной, якая пачалася 24 лютага? Свабода спытала пра гэта ў экс-кандыдата ў прэзыдэнты.

— Дзьмітры Іванавіч, падтрымліваеце Расею ў вайне з Украінай?

— У мяне няма дакладнай інфармацыі аб падзеях ва Ўкраіне: адны гавораць адно, другія — зусім іншае. Такі «рак галаўнога мозгу». Калі б я там быў, то мог бы больш дакладна нешта сказаць. А так ад адных чую, што на Данбасе людзі дзясяткамі гінуць, іншыя кажуць пра сьмерці ў Віньніцы. Проста шок для мяне.

— Але ідэі «русского мира» для вас застаюцца прывабнымі?

— Скажу адно: на Данбасе людзі ня ведаюць украінскай мовы, разумееце, ня ўмеюць пісаць на ўкраінскай, размаўляць. Іх прымусовая ўкраінізацыя павінна была зрабіць украінцамі, многія не пагадзіліся, таму і пачалася вайна, я так думаю. Сёньня я займаю нэўтральную пазыцыю. У кожнага свая праўда. Я слухаю і расейскія СМІ, і эўрапейскія. У Луганску, Данецку людзі нават украінскай мовы ня ведаюць, а іх пры гэтым называюць украінцамі. Гэта такі гемарой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першыя некалькі гадзін страшна, потым прывыкаеш». Як лекар-беларус дапамагаў вайскоўцам і быў паранены

— Многія ж жаўнеры ўкраінскай арміі таксама размаўляюць па-расейску, але ваююць супраць расейскай дзяржавы.

— На якой мове чалавек размаўляе і думае, тым ён і зьяўляецца.

— Чаму вы так лічыце? Вы ж гаворыце і думаеце па-расейску, але ж беларус.

— Гэта ня я думаю — гэта так і ёсьць. Яны самі разьбяруцца, бяз нас. Праўды мы ня знойдзем.

— Якой пазыцыі прытрымліваецца ваш сын Іван, які калісьці кіраваў суполкай «Антымайдан Беларусь»?

— Я магу сказаць так: шмат рэчаў, якія ён даведаўся, сталі штуршком да таго, што ён таксама заняў нэўтральную пазыцыю і нікуды ня лезе. Ад нас і вас нічога не залежыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ні сьмерць Пуціна, ні перамога Навальнага». Беларускі гісторык у адкрытым лісьце Максіму Кацу патлумачыў, што прынясе спакой кантынэнту

— У 2020 годзе вы казалі, што расчараваліся ў Пуціну, калі ён падтрымаў Лукашэнку ў яго змаганьні з народам.

— У найбліжэйшым атачэньні Пуціна шмат здраднікаў, якія здраджваюць расейскім нацыянальным інтарэсам, — гэта жах, што творыцца. Прыклад прывяду, калі 300 мільярдаў расейскіх грошай арыштавалі, а Набіуліна па-ранейшаму кіраўніца Цэнтрабанку. І яшчэ, колькі людзей там гіне... Гэтую апэрацыю можна было б скончыць даўно, калі б граматныя людзі былі. А так «шоў працягваецца». Шоў паміж ЗША і Расеяй. Кожны дзень нешта новае падкідаюць — нічога добрага, адзін нэгатыў.

— Што думаеце пра тых беларусаў, якія ваююць у палку імя Кастуся Каліноўскага?

— Каліноўскі — гэта не беларус, а паляк, прычым шляхціч. Я не хачу пра гэта.

— Не пра Каліноўскага гаворка, а пра беларусаў на баку Ўкраіны.

— Ідэалёгія ў іх такая, як у бандэраўцаў, нацыяналістаў. У кожнага сваё кіно ў галаве, я не кажу, што гэта правільна ці няправільна. Яно проста так ёсьць. Каліноўскі падымаў на паўстаньне шляхту, а насельніцтва Беларусі не падтрымала. Таму Кацярына гэты пераварот задушыла (насамрэч Кацярына ІІ жыла значна раней, а ў часы Каліноўскага Расейскай імпэрыяй правіў Аляксандар ІІ. — РС). З пункту гледжаньня ідэалёгіі, чалавека можна прамыць як заўгодна. Мне ў дзяцінстве казалі, што ў нас будзе камунізм. А ведаеце, што такое камунізм? Такое самае прамываньне мазгоў. І ў Расеі прамываюць, вельмі шмат падманваюць. Расея вельмі шмат замоўчвае аб вайне, але і Ўкраіна так робіць. Ні тыя, ні тыя ня кажуць пра свае страты і паразы. Кожны хоча быць у выгадным сьвятле.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дух сьмерці тут гуляе заўжды блізка». Беларускі добраахвотнік «Рыжы» пра псаваньне «Табакерак» і дранікі на фронце 

— Чым, на вашу думку, скончыцца вайна?

— Вайна ня хутка скончыцца, яна яшчэ некалькі гадоў будзе ісьці. Усё скончыцца бунтам ці пераваротам у Расеі альбо поўным паглынаньнем Украіны аж да Львова.

— Пра вас даўно не чуваць. Чым цяпер займаецеся?

— Я практычна нічым не займаюся. Сельскай гаспадаркай, маю надзел зямлі ў Менскім раёне, саджу бульбу, нікуды ня лезу.

— А бізнэс застаўся?

— Бізнэсу амаль няма, здаю адну кватэру чыста на падтрымку штаноў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевіча этапавалі ў калёнію ў Глыбокім — адну з самых жорсткіх у Беларусі

— Ад палітыкі адышлі?

— Ад палітыкі цалкам адышоў, сэнсу няма ніякага. Я яшчэ даверанай асобе Бабарыкі казаў у 2020 годзе, чым гэта скончыцца, калі яны казалі, што зьбяруць мільён подпісаў і Бабарыка стане прэзыдэнтам.

— Вашым прыяцелем раней быў Мікола Статкевіч, які цяпер у калёніі. Як ставіцеся да яго?

— У Міколы свая ідэалёгія, ягоная задача — скінуць Лукашэнку любымі шляхамі. Статкевіч моцна зачапіў Лукашэнку за жывое. Я не магу яго асуджаць, ён для сябе так рашыў.

— Як ваша здароўе?

— Паціху, сачу за сабой. Вітаміны, уколы, кропельніцы, усё раблю.