Вось некаторыя водгукі на сьмерць паэта.
Леанід Галубовіч: Пайшоў ад нас у лепшы сьвет таленавіты паэт, шчыры чалавек і сумленны грамадзянін Анатоль Ільліч Вярцінскі. Сьветлая памяць і пухам родная зямля».
Уладзімер Някляеў: Прыгожы ён быў чалавек. Ва ўсім. Любімец жанчын і любімец паэзіі. Адзін з герояў рамана «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без», у якім ён чытае свой верш «Спартак»:
— Спартак, Спартак! Героі ўсіх эпох!
Ці не такі быў лёс ваш у фінале:
Як нехта моцна спаў, вас расьпіналі,
Вы ціха на крыжы сваім каналі,
І білася жанчына каля ног!
Анатоль Вярцінскі на адкрыцьці помніка на магіле паэта Ніла Гілевіча, 2018
У 2010-м, калі жыцьцё маё стала надта ўжо зьвілістым, у ягоным лісьце да мяне я прачытаў: «Жыцьцё, Валодзя, простае толькі тады, калі выпрастанае плугам. Як рака на Палесьсі, калі яно асушалася...»
З гэтага ўзьнік верш «На мосьце».
Рака — нібы ва ўскрытай вене
Зямная кроў.
І бляск плывучага імгненьня
Між берагоў,
І чалавечыя маленьні,
І рык зьвяроў,
Усё — як з берага каменьні
У скрут віроў,
Дзе круцяцца ў шалёнай пене
Млыны гадоў!..
Старэйшых за мяне ўсё меней
Маіх сяброў.
Міхась Скобла: Тыднёвік творчай інтэлігенцыі «Літаратура і мастацтва» ў час, калі яго ўзначальваў Вярцінскі (1986–1990), стаў узорам пісьменьніцкай сьмеласьці, трыбунай для вострых публіцыстычных дыскусій, да якіх прыслухоўваліся ўсе — і ўлада, і апазыцыя. Свой «лімаўскі» запал Анатоль Ільліч ня страціў і стаўшы дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, дзе яму даводзілася і тэкст Канстытуцыі незалежнай Беларусі рэдагаваць, і Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня з парлямэнцкай трыбуны абвяшчаць.
І ўсё ж галоўным прызначэньнем, нават пакліканьнем для Анатоля Вярцінскага была паэзія. Як паэт ён пазнавальны зь першага радка — арыгінальна-роздумны, мудра-афарыстычны. Памятаю, якім адкрыцьцём і скарбонкай паэтычных афарызмаў стала для мяне, у той час яшчэ студэнта, яго кніга «Ветрана». Атмасфэра тады, у сярэдзіне 1980-х, была даволі гнятлівая, хацелася сьвежага паветра, і кніга тая зрабілася для мяне своеасаблівай кіслароднай падушкай. Чытаў — як дыхаў...
Анатоль Вярцінскі і Міхась Скобла
Сяргей Шупа:
Назаўсёды буду яму ўдзячны за тое, што даў мне дарогу ў беларускую культурную пэрыёдыку — у ягоным «ЛіМе» зьявіліся мае першыя першыя немастацкія (а пасьля і мастацкія) публікацыі.
Асаблівыя моманты:
Публікацыя фрагмэнту «1984» на ЛіМаўскім развароце ў лютым 1989-га. (Памятаю, у тую суботу — а ў тыя часы кожная суботняя раніца пачыналася з новага нумару «ЛіМа»!) — мы ехалі ў Вільню на 2-гі Вальны сойм беларускіх суполак і ў цягніку чыталі той пераклад. Пару вялікіх зорак проста адмахнуліся ад мяне, а Вярцінскі падтрымаў.
Пасьля масавага затрыманьня нас на кватэры ў Валі Якімовіч (якое абышлося складаньнем пратаколаў, якія ніхто з нас і не падпісаў) Анатоль Ільліч без ваганьняў надрукаваў наш калектыўны пратэст супраць гэтага камічнага акту, што дапамагло мне адмазацца ў дырэктара «Мастацкай літаратуры» Грышановіча. Калі яму патэлефанавалі зь мянтоўкі — ён ужо ведаў пра гэта зь «ЛіМу». Былі і драбнейшыя моманты — цэльны быў чалавек. Дзякую, дарагі Анатоль Ільліч. Зямля вам пухам.
Анатоль Вярцінскі ў Бычках — на радзіме Васіля Быкава. 2015 год
Памяць Анатоля Вярцінскага ўшанавалі Лепельскі краязнаўчы музэй, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі ПЭН.
Спачуваньні родным і блізкім Анатоля Вярцінскага выказала Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, адзначыўшы, што за сваю дзейнасьць у 2018 годзе ён быў уганараваны Мэдалём да стагодзьдзя БНР.
Аляксандар Лукашэнка, які рэгулярна выказвае спачуваньні з нагоды сьмерці дзеячоў расейскай культуры і палітыкі, памяць былога калегі па Вярхоўным Савеце, які галасаваў за незалежнасьць Беларусі, не ўшанаваў. Не паведаміла пра сьмерць Вярцінскага і дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.
Разьвітаньне з Анатолем Вярцінскім адбудзецца 23 красавіка а 12-й гадзіне ў Менску ў рытуальнай залі на Альшэўскага, 12.