У расейскіх гарадах праходзяць акцыі памяці Барыса Нямцова, які быў супраць вайны з Украінай. Ёсьць затрыманыя. ФОТА

Архіўнае фота. Акцыя памяці Барыса Нямцова ў Маскве, 2020 год

У дзень забойства палітыка Барыса Нямцова сёмы год запар ува ўсёй Расеі праходзяць акцыі яго памяці. Апазыцыйны палітык быў застрэлены позна ўвечары 27 лютага 2015 году.

Карэспандэнтка «Дождя» паведамляе пра шматлікіх сілавікоў на Вялікім Маскварэцкім мосьце ў Маскве і затрыманьнях людзей, якія прыйшлі ўскласьці кветкі на месцы гібелі Нямцова.

Ушанаваць памяць Нямцова прыйшоў амбасадар ЗША Джон Саліван, амбасадары іншых краін Захаду.

У Омску адбыўся масавы пікет памяці Барыса Нямцова. На пікет сабраліся больш за 100 жыхароў. Паліцыянты затрымалі прыблізна кожнага дзясятага з удзельнікаў. Галоўны лёзунг акцыі — «Омск супраць вайны з Украінай». Трох чалавек затрымалі яшчэ да пачатку акцыі, паведаміў карэспандэнт «Сибирь.Реалии».

Акцыя памяці Нямцова ў Омску

Акцыі памяці Барыса Нямцова і затрыманьні іх удзельнікаў адбываюцца і ў іншых гарадах Расеі.

Акцыя ў Казані

Затрыманьні на акцыі ў Казані

Затрыманьні на акцыі ў Казані

Акцыя памяці Барыса Нямцова ў Самары

Барыс Нямцоў быў застрэлены позна ўвечары 27 лютага 2015 году. Па абвінавачаньні ў яго забойстве асуджаныя пяць ураджэнцаў Чачэніі, сярод іх былыя афіцэры МУС. Паплечнікі апазыцыянэра ня лічаць забойства расьсьледаваным, бо замоўца злачынства ня вызначаны. Палітычную адказнасьць за забойства яны ўскладаюць на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Нямцоў прыйшоў у палітыку ў канцы 1980-х гадоў, быў губэрнатарам Ніжагародзкай вобласьці, першым віцэ-прэм’ерам. З 2000-х гадоў ён быў у жорсткай апазыцыі Ўладзіміру Пуціну. У 2014 годзе быў адным з арганізатараў маршаў міру — супраць расейскага нападу на Ўкраіну.