У тэрытарыяльных камісіях на рэфэрэндуме па Канстытуцыі ня будзе прадстаўнікоў апазыцыі

Графіці супраць рэфэрэндуму ў менскім раёне Серабранка, студзень 2022 году

Больш за 1,8 тысячы чалавек увайшлі ў склад 153 тэрытарыяльных камісій па канстытуцыйным рэфэрэндуме ў Беларусі. Сярод іх няма прадстаўнікоў апазыцыі, паведамляе ТАСС са спасылкай на Цэнтравыбаркам.

У склад тэрытарыяльных камісій уключылі 1099 прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку палітычныя партыі. Увайшлі 80 прадстаўнікоў Кампартыі Беларусі, пяцёра сяброў Лібэральна-дэмакратычнай партыі, тры сацыял-дэмакраты ад партыі Народнай згоды і адзін чалавек з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.

Сярод грамадзкіх абʼяднаньняў найбольшае прадстаўніцтва — у Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (321 чалавек), абʼяднаньня «Белая Русь» (150), Беларускага саюзу жанчын (136) і БРСМ (125), якія падтрымліваюць курс дзейнай улады.

Нікога з апазыцыйных кандыдатаў у склад камісій не ўключылі. Адмову атрымалі 18 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», па адным прадстаўніку партыі «Зялёныя» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Астатнія не вылучалі сваіх кандыдатаў.

Участкі для галасаваньня павінны ўтварыць не пазьней за 1 лютага, камісіі — да 6 лютага. На рэспубліканскім рэфэрэндуме можна будзе прагаласаваць датэрмінова з 22 да 26 лютага. Асноўнае галасаваньне на рэфэрэндуме пройдзе 27 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст Гары Паганяйла скардзіцца ў Вярхоўны суд на ўказ аб правядзеньні рэфэрэндуму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чупрыс: Сумяшчаць прэзыдэнцтва і старшынства ў Народным сходзе зможа толькі Лукашэнка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зрабіў мост, ставіў помнікі, дбаў пра царкву. Чым вядомы пэнсіянэр, якога арыштавалі за прапановы ў Канстытуцыю