Дакумэнт апублікавала газэта The Washington Post.
Законапраект пад назвай «Закон аб адказнасьці Пуціна» падрыхтаваны групай з 150 кансэрватыўных законатворцаў «Рэспубліканскі дасьледчы камітэт», піша выданьне. Яго аўтарам заяўлены кіраўнік групы кангрэсмэн Джым Бэнкс, дакумэнт ужо падтрымалі больш за 30 яго калегаў.
Дакумэнт дазваляе прэзыдэнту ЗША блякаваць маёмасьць асобаў з санкцыйнага сьпісу, ім можна будзе забараніць уезд у краіну. Расею дакумэнт патрабуе прызнаць краінай – фундатаркай тэрарызму, а падтрыманых Расеяй данбаскіх сэпаратыстаў — тэрарыстамі. Законапраект значна абмяжоўвае апэрацыі амэрыканцаў з расейскім дзяржаўным доўгам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры тыдні да вайны. Пасьля яе ні Лукашэнкі, ні Пуціна можа не застаццаПэрсанальныя санкцыі прапанавана ўвесьці супраць мільярдэраў Рамана Абрамовіча, Алішэра Ўсманава, Генадзя Цімчанкі і Алега Дзерыпаскі; кіраўнікоў кампаній «Роснефть» Ігара Сечына, «Транснефть» Мікалая Токарава, «Газпром» Аляксея Мілера і ВТБ Андрэя Косьціна; мэра Масквы Сяргея Сабяніна і губэрнатараў Маскоўскай вобласці Андрэя Вараб’ёва і Санкт-Пецярбурга Аляксандра Бяглова, кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава і яго сына Дзяніса, сына сакратара Савета бясьпекі Мікалая Патрушава, былога кіраўніка апарату Пуціна Ігара Шувалава, кіраўніка ўраду Міхаіла Мішусьціна, усяго супраць 35 чалавек.
У сьпіс таксама трапілі кіраўнікі расейскага дзяржаўнага тэлеканалу RT Маргарыта Сіманьян і Першага каналу Канстанцін Эрнст, прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў і старшыня ЦВК Эла Памфілава. Агульны сьпіс цалкам паўтарае прапанову аб уводзе санкцый з боку каманды Аляксея Навальнага, зробленую ў студзені гэтага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн: «Напад на Ўкраіну стане катастрофай для Расеі»Акрамя таго, кангрэсмэны прапанавалі абавязаць каманду прэзыдэнта ЗША цягам паўгода пасьля ўступленьня закону ў сілу апублікаваць справаздачу пра асабістае багацьце і крыніцы даходу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, чальцоў яго сямʼі і гімнасткі Аліны Кабаевай, якую мэдыя неаднаразова называлі каханкай Пуціна.
Законапраект Бэнкса будзе канкураваць у Кангрэсе зь некалькімі прапановамі аб санкцыях супраць Расеі, расейскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. Таксама на гэтым тыдні санкцыі было прапанавана ўвесьці санкцыі супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.