Паведамленьне аб скасаваньні дамовы прыйшло 30 лістапада па электроннай пошце з подпісам намесьніцы дырэктара Берасьцейскай друкарні Ірыны Іванісік, паведамляе сайт «Першы рэгіён».
Пазьней у тэлефоннай размове яна патлумачыла, што «мяняецца загрузка». На дадатковае пытаньне, чаму пра гэта ня ўказана ў электронным паведамленьні, адказала: «А навошта?»
У офісе «Ганцавіцкага часу» зазначаюць, што на друк штотыднёвага нумара газэты друкарня траціла ў сярэднім 20-30 хвілін. Атрымліваецца, «загрузка» павінна быць вельмі сур’ёзнай, калі наклад выданьня стаў настолькі прынцыповым момантам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пад увагай павінен быць ня толькі міграцыйны крызіс». Што кажуць на канфэрэнцыі пра журналістыку ў БеларусіЯк зазначыў галоўны рэдактар Пятро Гузаеўскі, 20 гадоў «Ганцавіцкі час» сумленна выконвае сваю працу на карысьць чытачоў у раёне і за яго межамі.
«Мы спрабавалі дапамагчы шматлікім людзям: падымалі актуальныя праблемы, трымалі чытачоў у курсе падзеяў на Ганцавіцкім раёне і ня толькі. Аб’ектыўна пісалі гісторыю раёну. Дзякуй усім, хто падтрымліваў і давяраў нам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што паўстане пасьля «зачысткі» мэдыйнай прасторы? Меркаваньне мэдыяэкспэртаПятро Гузаеўскі дадаў, што рэдакцыя накіруе запыты ў іншыя друкарні і будзе чакаць станоўчага адказу.
«Ганцавіцкі час» не разьвітваецца са сваёй чытацкай аўдыторыяй, запэўнілі ў рэдакцыі.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».