Ужо сёньня: Усясьветны дзень барацьбы са СНІДам; год таму — год турмы за надпіс на прыпынку

Чырвоная стужка — сымбаль барацьбы са СНІДам

Дата дня

Усясьветны дзень барацьбы са СНІДам — міжнародны дзень ААН, адзначаецца 1 сьнежня. Упершыню абвешчаны САЗ у 1988 годзе. Дзень заснаваны з мэтай павышэньня ведаў пра эпідэмію СНІДу, выкліканую распаўсюдам ВІЧ-інфэкцыі, а таксама як дзень памяці ахвяраў гэтага захворваньня. Многія дзяржаўныя, грамадзкія і мэдычныя арганізацыі па ўсім сьвеце ў гэты дзень праводзяць асьветніцкія і дыягнастычныя захады.

Год таму ў гэты дзень

  • Жыхара Горак Стэфана Лазовіка зьняволілі на 1 год за надпіс на прыпынку: «Ён прайграў і пачаў забіваць...»
  • Палітоляг Юры Васкрасенскі паведаміў, што сустракаўся з Эдуардам Бабарыкам у сьледчым ізалятары КДБ, дзе Эдуарда трымаюць ужо некалькі месяцаў.

Таксама ў гэты дзень

1903 — адбыўся першы зьезд Беларускай сацыялістычнай грамады, першай нацыянальнай партыі ў гісторыі Беларусі.

1913 — усталяваная першая лінія канвэернай зборкі на заводзе Ford Motor Company.

1943 — скончылася Тэгеранская канфэрэнцыя кіраўнікоў Вялікай Брытаніі, ЗША і СССР. Канфэрэнцыя стала першай сустрэчай «Вялікай тройкі» ў ходзе Другой усясьветнай вайны. На ёй абмяркоўвалі ваенныя дзеяньні і пасьляваеннае міжнароднае ўладкаваньне, у тым ліку адкрыцьцё другога фронту і «польскае пытаньне». Канфэрэнцыя пастанавіла, сярод іншага, што ўсходняй мяжой Польшчы — адпаведна, заходняй мяжой Беларусі — павінна стаць лінія Керзана.

Іосіф Сталін, Франклін Рузвэльт і Ўінстан Чэрчыль на канфэрэнцыі ў Тэгеране

1953 — выйшаў першы нумар часопіса «Плэйбой».

1955 — Роза Паркс у Мантгомэры, Алабама, адмовілася саступіць месца ў аўтобусе беласкураму чалавеку. За гэта яе асудзілі як за «парушэньне грамадзкага парадку». У адказ чарнаскурае насельніцтва Мантгомэры пачало байкатаваць грамадзкі транспарт. Ужо ў наступным годзе Вярхоўны суд ЗША пастанавіў, што расавая сэгрэгацыя ў аўтобусах не адпавядае Канстытуцыі. Так Роза Паркс стала пачынальніцай і сымбалем руху за правы чарнаскурых грамадзян ЗША.

1959 — заключанае пагадненьне аб Антарктыцы. Дакумэнт забараніў выкарыстоўваць Антарктыду ў ваенных мэтах.

1991 — прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне і Ўсеўкраінскі рэфэрэндум аб незалежнасьці.

1991 — першыя прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане.

2009 — у Эўразьвязе ўступіла ў сілу Лісабонская дамова.

2019 — пачалася ўспышка новай каранавіруснай інфэкцыі ў кітайскім горадзе Ўхань.

У гэты дзень нарадзіліся

1792 — Мікалай Лабачэўскі, расейскі матэматык, стваральнік неэўклідавай геамэтрыі.

1896 — Георгі Жукаў, савецкі палкаводзец Другой усясьветнай вайны.

1915 — Міхась Кавыль, беларускі паэт, рэдактар, грамадзкі дзеяч.

Стагодзьдзе Міхася Кавыля

1931 — Валянцін Малышаў, заслужаны архітэктар Беларусі. У Менску Малышаў спраектаваў Палац спорту, кінатэатар «Кастрычнік» і інш.

1935 — Вудзі Ален, амэрыканскі рэжысэр, актор, сцэнарыст, пісьменьнік.

Вудзі Ален

1939 — Уладзімер Платонаў, беларускі матэматык, акадэмік АН БССР. У 1987–1992 гадах Платонаў узначальваў Акадэмію навук Беларусі.

1955 — Уладзімер Ванцэвіч, беларускі навуковец у галіне машынабудаваньня.

У памяці

1973 — Давід Бэн-Гурыён, першы прэм’ер-міністар Ізраіля.

Давід Бэн-Гурыён

1989 — Мікалай Патолічаў, савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, у 1950–1956 — першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі.

2016 — Алесь Белакоз, беларускі краязнаўца і музэязнаўца.

Алесь Белакоз

У паваенныя саракавыя, узгадваў Белакоз, ні ў Мастоўскім, ні ў суседніх Ваўкавыскім і Сьвіслацкім раёнах не было ніводнай беларускай школы-васьмігодкі. Па-расейску выкладаліся амаль усе дысцыпліны і ў Горадзенскім пэдынстытуце, дзе ён завочна навучаўся з 1949-га. Юнак ужо меў досьвед нелегальнага супраціву: зь сябрамі раскідваў зь цягнікоў і пашыраў у Горадні ўлёткі з заклікам змагацца за вольную Беларусь. Хлопцы былі неблагімі кансьпіратарамі і пазьбеглі арышту, ды спынілі дзейнасьць, бо ў той справе затрымлівалі шмат невінаватых.

Белакоз засяродзіўся на пэдагагічнай і краязнаўчай працы. Ягоныя выхаванцы ліставаліся ці не з усімі знанымі беларускімі пісьменьнікамі, выдавалі альманах «Праменьчык», рупліва зьбіралі экспанаты для школьнага музэю. Але настаўнік усё адно заставаўся на падазрэньні. І нездарма.

У 1965-м у актавай залі Саюзу пісьменьнікаў адбывалася сустрэча кіраўнікоў раённых сэкцый выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры з майстрамі прыгожага пісьменства і менскімі студэнтамі. На сцэну падняўся Белакоз: «Патрабую, каб адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі была беларуская! Патрабую, каб 80 працэнтаў школаў былі беларускамоўнымі! Патрабую, каб беларускімі былі ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы!» Іван Шамякін, што вёў імпрэзу, закамандаваў: «Хопіць! Хопіць! Тушыце, хлопцы, сьвятло, паказвайце фільм!»

Нядобранадзейны Белакоз дачакаўся лепшых часоў. У 1990-м школьны літаратурна-этнаграфічны музэй набыў статус дзяржаўнага. Там болей за 20 тысяч фондавых адзінак. Стэнд, прысьвечаны Ларысе Геніюш. Яе кніга «Невадам зь Нёману» з дарчым надпісам касманаўта Пятра Клімука. Асадка, якой Уладзімер Караткевіч напісаў «Каласы пад сярпом тваім»...

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 695-696.