У гэты дзень год таму
- Сотні мірных дэманстрантаў затрымалі ў Менску і іншых гарадах Беларусі падчас традыцыйнага нядзельнага маршу прыхільнікаў пераменаў. Праваабаронцы паведамляюць пра больш чым 1000 затрыманых.
- У ліку затрыманых гісторык і мовазнаўца Алесь Жлутка, дзесяціборац і срэбны мэдаліст Алімпіяды-2008 Андрэй Краўчанка, шматразовы чэмпіён Беларусі ў тайскім боксе і кікбоксінгу Іван Ганін, фотамадэль і «Міс Беларусь» 2008 году Вольга Хіжынкова, актор Аляксандар Ждановіч, сябра Каардынацыйнай рады палітоляг Андрэй Ягораў.
- Кіраўнік расейскай карпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў заявіў пра гатоўнасьць удзельнічаць у будаўніцтве яшчэ адной атамнай электрастанцыі ў Беларусі.
Дзень у гісторыі
324 — рымскі імпэратар Канстантын Вялікі на месцы грэцкага гораду Бізантый заснаваў Канстантынопаль.
1620 — у часе трыццацігадовай вайны адбылася бітва на Белай Гары, якая на некалькі стагодзьдзяў пазбавіла Чэхію незалежнасьці.
1895 — Вільгельм Рэнтген вынайшаў від радыяцыі, названы пазьней рэнтгенаўскімі або X-промнямі.
1923 — «піўны путч» у Мюнхэне, спроба захопу ўлады нацыстамі ў Вэймарскай Нямеччыне.
1929 — адкрыцьцё Менскага заводу мэдычных прэпаратаў.
1939 — у Менску адкрылася Дзяржаўная карцінная галерэя.
1956 — адкрыцьцё музэя абароны Берасьцейскай крэпасьці.
2016 — выбары прэзыдэнта ЗША, абраны быў Дональд Трамп.
У гэты дзень нарадзіліся
1050 — Сьвятаполк Ізяслававіч, князь полацкі, тураўскі, вялікі князь кіеўскі.
1784 — Тэадор Нарбут, гісторык, археоляг, вайсковы інжынэр. Як гісторык Нарбут вядомы сваёй дзевяцітамовай «Гісторыяй літоўскага народу».
1785 — Міхал Баброўскі, беларускі славіст, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту, уніяцкі сьвятар.
Міхаіл Баброўскі
1847 — Брэм Стокер, ангельскі пісьменьнік, які праславіўся сваім раманам «Дракула».
Замак Дракулы каля Бухарэсту
1858 — Тадэвуш Урублеўскі, беларускі адвакат і грамадзкі дзеяч.
1883 — Вацлаў Ластоўскі, беларускі навуковец, выдавец, пісьменьнік, публіцыст і палітычны дзеяч, прэм’ер-міністар БНР.
Яго называюць неадменным сакратаром Адраджэньня. Маецца на ўвазе беларускае нацыянальнае Адраджэньне пачатку XX стагодзьдзя. Але глыбіня й шматстайнасьць талентаў, якімі быў шчодра адораны Ластоўскі, міжволі прыводзяць на памяць і волатаў эпохі Рэнэсансу.
Палітык, што браў непасрэдны ўдзел у абвяшчэньні незалежнасьці БНР і ўзначальваў яе кабінэт міністраў, а пазьней, баронячы нацыянальныя правы беларусаў, наведаў Францыю, Бэльгію, Чэхаславаччыну, Нямеччыну, Італію, Ватыкан.
Гісторык, пяру якога належаць славутыя «Гісторыя беларуска й (крыўскай) кнігі» і «Кароткая гісторыя Беларусі», што ўпершыню зьявілася на старонках «Нашае Нівы», дзе ён, дарэчы, пяць гадоў быў рэдакцыйным сакратаром.
Філёляг, укладальнік і выдавец ня менш славутага «Расійска-крыўскага (беларускага) слоўніку», што мы зь сябра м і ў васьм і дзясятыя гады мінулага стагодзьдзя прывезьлі ад Ларысы Геніюш і выпусьцілі ў самвыдаце ў колькасьці дваццаці пяці асобнікаў.
А для мяне, прызнаюся, ён — найперш выдатны пісьменьнік. Аўтар «Лябірынтаў» — можа, самай містычнай і самай патаемнай аповесьці беларускай літаратуры. Аўтар непаўторных, надзеленых магутнай энэргетыкай вершаў.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне.
1902 — Нестар Сакалоўскі, кампазытар, аўтар музыкі гімну БССР, а цяпер Рэспублікі Беларусь.
1941 — Міхась Гурын, беларускі археоляг і гісторык.
У памяці
1847 — Казімір Чарноўскі, адзін з першых вынаходнікаў падводнага карабля.
Менскі шляхціч Казімер Чарноўскі, студэнт Пецярбурскай мэдычна-хірургічнай акадэміі, быў арыштаваны за прыналежнасьць да Нацыянальнага патрыятычнага таварыства і мусіў памяняць акадэмічныя аўдыторыі на адзіночку Петрапаўлаўскай фартэцы.
Яго дапытваў сам шэф жандараў генэрал Бэнкендорф, які ветліва прапанаваў Казімеру запісацца ў платныя агенты. З Чарноўскім у генэрала (трэба сказаць, вялікага майстра такіх угавораў) атрымалася асечка. У 1829-м на стол імпэратару Мікалаю І легла папера за подпісам ужо забытага небясьпечнага нелегала. Цар ня даў веры вачам: гэта была ня просьба пра памілаваньне, а фантастычная ідэя — пабудаваць для расейскага флёту падводны карабель.
Але факт застаецца фактам: беларус Чарноўскі ўпершыню ў усясьветнай практыцы прапанаваў будаваць субмарыны цалкам з мэталу. Ён жа на чвэрць стагодзьдзя раней за галяндца Ван Эльвіна распрацаваў канструкцыю пэрыскопа і стаў аўтарам шэрагу іншых унікальных вынаходніцтваў. Дзяржаўны злачынца, якога можна назваць і дзяржаўным вынаходнікам, чакаў калі не вызваленьня, дык хаця б паляпшэньня турэмных умоваў.
Ня выключана, што сярод наведнікаў нашага Нацыянальнага гістарычнага музэю раз-пораз трапляецца айчыннае турэмнае начальства. Магчыма, яму каля мадэлі субмарыны Чарноўскага таксама прыходзіць у галаву няўтульная думка пра ўдзельную вагу карысных для дзяржавы грамадзянаў сярод сёньняшніх вязьняў менскіх Валадаркі й «амэрыканкі».
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне.
1886 — Аляксандар Рыпінскі, паэт, фальклярыст, мастак, выдавец, удзельнік вызвольнага паўстаньня 1831 г., палітэмігрант.
Працуючы ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане, я пачуў ад знакамітага беларусіста Гая Пікарды гісторыю пра тое, як ён сядзеў зь менскім калегам Адамам Мальдзісам у адным зь мясцовых пабаў.
За вокнамі ішоў абложны дождж, таму цемнаскураму бармэну даводзілася наліваць наведнікам зноў і зноў, што той рабіў чамусьці безь вялікага стараньня.
Пры чарговым паходзе да стойкі прафэсар Мальдзіс уголас зазначыў, што некалі ў гэтым доме жыў і друкаваў свае кніжкі беларускі паэт Аляксандар Рыпінскі, і, калі б зьмясьціць на будынку мэмарыяльную табліцу, кожны беларус, трапіўшы ў Лёндан, ушаноўваў бы славутага земляка прыстойнай колькасьцю кухляў «Гінэсу» ці келіхаў і кілішкаў чаго мацнейшага.
Бармэн прыкметна пажвавеў і прывёў гаспадара пабу. Першым пытаньнем было: колькі на сьвеце беларусаў?
У брытанскай сталіцы Рыпінскі апынуўся пасьля ўдзелу ў вызвольным паўстаньні 1831‑га і трынаццаці гадоў эміграцыі ў Парыжы. Лёндан прынёс яму вядомасьць як мастаку і фатографу (у Тотэнгемскім музэі дагэтуль захоўваюцца гравюры зь ягоных карцінаў).
Заснаваўшы ўласную вольную друкарню, былы інсургент разам з польскімі вершамі надрукаваў у ёй сваю беларускамоўную рамантычную баляду «Нячысьцік» — пра селяніна Мікіту, што «меў жонку, як зьмяю», а ў прыдачу парсючка, якога гаспадару собіла забіць на каўбасы акурат у Вялікі пост, пасьля чаго, натуральна, і зьявіўся ўсьцешаны нячысьцік.
Дзякуючы гэтаму твору з суровай маральлю (ня еж у пост скаромніны!) Аляксандра Рыпінскага лічаць адным з стваральнікаў жанру беларускай баляды.
Якраз Рыпінскі ўвёў у нашу мову літару «Ў», якая ў ягонай лацінцы выглядала як «Ŭ».
Дарэчы, у друкарні Рыпінскага ўпершыню апублікаваны хрэстаматыйны верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы...».
Вярнуўшыся па амністыі на радзіму і жывучы пад строгім наглядам паліцыі, колішні паўстанец канчаткова ўсьвядоміў сябе за беларускага культурнага дзеяча і працаваў над гісторыяй айчыннай літаратуры.
На жаль, мэмарыяльнай табліцы там, дзе некалі весела хаваліся ад дажджу Мальдзіс і Пікарда, дагэтуль няма. Не захаваўся і паб.
У гэтым будынку цяпер клініка кітайскага дантыста, тая самая, што дала назоў выдадзенай у Бібліятэцы Свабоды кнізе падарожжаў Зьмітра Бартосіка. Нядаўна пабачыла сьвет і кніга Людмілы Хмяльніцкай «Лёс інсургента. Дакумэнтальная аповесьць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе».
Але дайце веры: побач з клінікаю лёнданскага кітайца ёсьць іншы паб.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, ст.86-87.
1953 — Іван Бунін, расейскі пісьменьнік і паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
Іван Бунін
1964 — Валянцін Волкаў, народны мастак Беларусі.
2010 — Міхась Савіцкі, беларускі мастак.
Партызанская мадона, фрагмэнт карціны Міхася Савіцкага