Дата дня
22 верасьня 1917 году памёр Ігнат Буйніцкі, тэатральны дзеяч, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст., стваральнік беларускага прафэсійнага тэатру.
Яго яшчэ пры жыцьці называлі бацькам беларускага тэатру. У той самы час суседзі-шляхцічы мелі яго за дзівака, а жонка лічыла вар’ятам.
Скончыўшы Рыскую каморніцкую вучэльню, Ігнат працаваў у розных кутках Беларусі. Каморнікам ён быў нетыповым: калі іншыя сядзелі пры картах і пляшцы, Буйніцкі ішоў на вячоркі, адкуль вяртаўся з запісамі песьняў, замалёўкамі народных строяў і арнамэнтаў. Зь юнацтва ім валодала мара зусім не пра спакойнае заможнае жыцьцё — тая мара, якая прывяла ў прыватную драматычную студыю ў Вільні, а потым дапамагла згуртаваць вакол сябе групу артыстаў-аматараў.
Хутка ў родных Палевачах і ў блізкіх Празароках Буйніцкаму зрабілася цесна. У 1910-м ён з сваімі танцорамі зь вялікім розгаласам выступае на першай віленскай беларускай вечарынцы, а неўзабаве, укладаючы ў справу ледзь ня ўсе ўласныя сродкі, стварае прафэсійную трупу — сынтэтычны сцэнічны калектыў, дзе акторы служылі адразу некалькім музам. Узорам такога майстра быў сам дзядзька Ігнат: упэўнена выходзіў на сцэну ў драматургічных творах, артыстычна дэклямаваў вершы, выдатна танцаваў, сьпяваў сола і ў хоры.
У 1910–1911 гадах трупа Буйніцкага зьдзейсьніла трыюмфальныя гастролі па Беларусі, выступіўшы з паказамі ў Дзісьне, Сьвянцянах, Паставах, Полацку, Нясьвіжы, Слуцку... У Менску, дзе тэатар ставіў «Моднага шляхцюка» К. Каганца і «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага, артыстаў засыпалі ружамі. Пасьля спэктакляў Буйніцкага ў Пецярбургу й Варшаве газэты пісалі пра «калясальны посьпех» тэатру, што «будзіць у беларусаў пачуцьцё нацыянальнай годнасьці».
Улады зрабілі свае высновы: рэжысэра і яго артыстаў узялі пад паліцэйскі нагляд, паказы пачалі забараняць. Уціск і матэрыяльныя праблемы змусілі зачыніць тэатар, але не разлучылі з мастацтвам. Паводле згадкі аднаго з удзельнікаў трупы, дзядзька Ігнат памёр на сцэне падчас рэпэтыцыі.
«Некалі, — пісала ў тыя часы „Наша Ніва“, — калі прабудзіцца сьвядомасьць ува ўсяго беларускага народу, памяць Буйніцкага будзе сьвятой для ўсіх».
У 1970-я гады на ягонай радзіме зьявіўся помнік. Праўда, да абуджэньня сьвядомасьці ўсяго народу яшчэ далекавата. Запытаўшыся нядаўна ў Празароках у сустрэчнага дзядзькі, дзе помнік Буйніцкаму, я пачуў пытаньне ў адказ: «Што такое помнік?»
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 112-113.
У гэты дзень год таму
- Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі выйшлі на «Марш сьмелых людзей» на знак салідарнасьці з затрыманымі студэнтамі.
- «Мы не разглядаем Уладзівасток як нейкі далёкі і чужы горад. Мы часта ўспамінаем аб сваёй Айчыне ад Берасьця да Ўладзівастоку. Так што вы жывяце ў нашай Айчыне», — сказаў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком расейскага Прыморскага краю Алегам Кажамякам.
- Суд пакінуў пад вартай каардынатарку «Вясны» Марфу Рабкову, якую прызналі палітзьняволенай.
- Лідэра страйкоўцаў «Беларуськалію» Анатоля Бокуна пакаралі 25 суткамі арышту.
- Эманюэль Макрон: Крызіс у Беларусі пагражае «разломам на эўрапейскім кантынэнце».
- Камітэт Сэнату ЗША падтрымаў кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду амбасадара ў Беларусі.
Гэты дзень у гісторыі
1792 — абвяшчэньне Францускай рэспублікі, пачатак адліку францускага рэспубліканскага календара.
1862 — прэзыдэнт ЗША Абрагам Лінкальн абвясьціў пра вызваленьне з прыгнёту рабоў.
Абрагам Лінкальн, скульптура
1908 — Баўгарыя атрымала незалежнасьць ад Асманскай імпэрыі.
1939 — савецкія войскі занялі Беласток.
1939 — супольны парад нямецкага і савецкага войскаў у Берасьці-Літоўскім.
Сумесны парад вэрмахту і Чырвонай арміі, Берасьце, 22 верасьня 1939
1943 — забіты гаўляйтэр Беларусі Вільгельм Кубэ. Яго забіла Алена Мазанік, якая працавала ў Кубэ пакаёўкай.
1980 — нападам Іраку на Іран пачалася васьмігадовая вайна паміж імі.
У гэты дзень нарадзіліся
1791 — Майкл Фарадэй, брытанскі фізык і хімік.
1875 — Мікалоюс Чурлёніс, літоўскі мастак і кампазытар.
Мікалоюс Чурлёніс
1903 — Хвядос Шынклер, беларускі пісьменьнік.
1925 — Алесь Траяноўскі, беларускі пісьменьнік, перакладнік, крытык, публіцыст.
1932 — Альгірдас Бразаўскас, прэзыдэнт Літвы (1993–1998).
Альгірдас Бразаўскас
У памяці
1850 — Францішак Дзеружынскі, беларускі рэлігійны дзеяч, адзін з пачынальнікаў адукацыйнай сыстэмы каталіцкай царквы ў ЗША.