Падзеі 20 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дзень у гісторыі
1870 — завяршылася аб’яднаньне Італіі. Італьянскія войскі занялі Папскую вобласьць і ўвайшлі ў Рым, які быў абвешчаны сталіцай каралеўства. Папа Пій IX адмовіўся весьці перамовы з новай уладай, схаваўся ў сваім палацы ў Ватыкане і абвясьціў сябе і сваіх пераемнікаў на папскім троне «ватыканскімі палоннымі». Такое становішча захоўвалася да 1929 году.
1939 — пры ўключэньні тэрыторыі Заходняй Беларусі ў склад БССР пачаўся бой за Горадню.
1942 — нацысты зьнішчылі гета ў Дамачаве — пасёлку ў Берасьцейскай вобласьці.
1944 — Беластоцкая вобласьць пераўтварылі ў Горадзенскую, Вялейскую ў Маладачанскую, утварыліся Бабруйская і Полацкая вобласьці (існавалі да 1954 г.).
1945 — адкрылася першая экспазыцыя Літаратурнага музэю Янкі Купалы.
1950 — У Нью-Ёрку пачала выходзіць газэта «Беларус».
1990 — пастановай ураду зацьверджаная праграма разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моваў у Беларускай ССР.
2001 — у Курапатах улады пачалі рэканструкцыю Менскай кальцавой дарогі, у адказ на якую моладзевыя актывісты паставілі намётавы лягер у абарону народнага мэмарыялу. Вахта доўжылася 28 сутак і скончылася перамогай.
У гэты дзень нарадзіліся
1752 — Геранім Страйноўскі, асьветнік, правазнаўца, рэлігійны дзеяч.
1903 — Натальля Арсеньнева, беларуская паэтка.
Тое, што я пасьпеў сустрэцца зь ёю, выбітнай паэткаю (яе імя мае цяпер прэмія за найлепшую беларускую паэтычную кнігу году), жанчынай з таго шэрагу, які пачынаецца з Рагнеды й Эўфрасіньні, лічу дарагім падарункам лёсу.
Гэта здарылася ў Рочэстэры, на амэрыканскім беразе возера Антарыё, дзе спадарыня Натальля жыла з сынам Уладзімерам, надзіва падобным звонку да бацькі — Францішка Кушаля.
Стол сабралі пад чарэшняю ў садзе, дзе можна было назьбіраць кошык баравікоў.
Арсеньнева падпісала мне свой выдадзены ў НьюЁрку важкі том паэзіі «Між берагамі», па дзя лі лася думкаю, што паэтаў у беларускай літаратуры стала меней, чым у 1970-я, і, падняўшы шклянку з содавай (але і з глытком віскі), прапанавала тост за тое, «каб гэты вусаты хутчэй зьнік».
Углядаючыся ў далёкія гады, аўтарка гімну «Магутны Божа» надоўга замаўчала, каб потым распавесьці мне, як упершыню пачула беларускую мову. Сям’я вярталася ў 1920-м зь бежанства і затрымалася ў вёсачцы над Дрысай.
Уначы Наташа прачнулася ад таго, што за шафаю гаспадара пацягнула на любошчы. «Ня лезь, а то юшку спушчу», — азвалася гаспадыня, бо ў хаце былі чужыя людзі. Гэтая «юшка» расхвалявала дзяўчыну сваёй таямнічасьцю.
У Віленскай гімназіі адчула: беларускае — маё!..
Яна ішла ў 1940-м у лiтаратурнай кампанii Максіма Танка, Міхася Машары й Айзіка Кучара па Менску. Танк загаварыў, і напалоханы Кучар крыкнуў: «Цішэй, цішэй! У нас у Менску так гучна гаварыць па-беларуску не прынята!»
Пасьля дэсэрту — невераемна смачных (яшчэ й таму, што іх згатавала сама гаспадыня) налісьнікаў — мы сфатаграфаваліся на памяць каля кветніку з валошкамі й белымі лілеямі, якія вельмі любіла і Ларыса Геніюш.
Прыцішана, але так, каб паэтка пачула свае радкі, якія таксама даўно зрабіліся гімнавымі, я напяваў: «У гушчарах, затканых імглою...»
Вестка пра сьмерць Натальлі Арсеньневай прыйшла ў Менск падчас адкрыцьця Другога зьезду беларусаў сьвету, калі сотні галасоў сьпявалі яе велічную «Малітву», вядомую як гімн «Магутны Божа»:
Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых,
над Беларусяй ціхай і ветлай
рассып праменьне Свае хвалы...
Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот.
рабі свабоднай, зрабі шчасьлівай
краіну нашу і наш народ!
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 442–443.
* * *
1943 — Ніна Мацяш, беларуская паэтка, перакладчыца.
Партрэт Ніны Мацяш
У дзяцінстве яна была, на першы погляд, звычайнай дзяўчынкай. Ну, можа, крыху больш засяроджанай, чым раўналеткі. Заглыбленай у сябе. Душа ўжо прадчувала хваробу, што таілася ў генах.
Сямнаццацігадовая вясковая дзяўчына перажыла сапраўднае шчасьце , даведаўшыя, што залічаная на францускі факультэт Менскага інстытуту замежных моваў. Але зусім хутка, яшчэ на першым курсе, абрынулася бяда. У інстытут Ніна вярнулася толькі праз чатыры гады, за шэсьць сэмэстраў здаўшы экзамэны экстэрнам. Атрымаўшы дыплём, бліскуча ведала францускую й нямецкую. Ангельскую й польскую вывучыла самастойна.
Невылечная хвароба на ўсё астатняе жыцьцё прыкула Ніну да інваліднага вазка. Але яна ўспрыняла гэта не як свой крыж, а як сваю адзначанасьць, і здолела зьдзейсьніцца ў некалькіх іпастасях.
Яна ўзьнялася ў шэраг нашых выдатных паэтак, атрымаўшы высокія літаратурныя ўзнагароды і галоўную зь іх — чытацкую любоў. Зрабілася прызнанай перакладчыцай, пераўвасобіўшы па-беларуску паэзію нобэлеўскай ляўрэаткі Віславы Шымборскай, «Маленькага прынца» Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры, паэтаў францускай «Пляяды»...
Яна зь дзяцінства марыла шмат падарожнічаць і ўрэчаісьніла мроі, пабываўшы ў Варшаве, Бэрліне, Парыжы...
Ніна Мацяш стала бясспрэчным маральным аўтарытэтам краіны. Пры ўсёй розьніцы лёсаў я паставіў бы яе ў адзін шэраг з Ларысай Геніюш. Асабіста ведаю дзясяткі людзей, якія прыйшлі да Беларусі дзякуючы Ніне. А іх былі сотні, а мо і тысячы.
Ці трэба казаць, як Ніна Мацяш ставілася да цяперашняй улады? Афіцыйныя сымбалі, зацьверджаныя пасьля рэфэрэндуму 1995 году, Ніна публічна называла «сымболікай часовага ўраду». Калі недзе «наверсе» яе выкрасьлілі з кандыдатаў на Дзяржаўную прэмію, я адразу падумаў, што Ніна ўсё адно адмовілася б прыняць узнагароду ад рэжыму, які пагарджае нацыянальнымі каштоўнасьцямі, і найперш самай сьвятой — моваю.
Яна ўжо не пакарміла мяне сваёй невыказна смачнай гарбузовай кашай, як абяцала падчас астатняй сустрэчы.
Калі скончылася дзяцінства, я рэдка плакаў, але, пачуўшы горкую навіну пра Нінін сыход, ня здолеў стрымаць сьлёз.
Наша мудрая пісьменьніца і крытык Альбіна Сямёнава ў тыя дні назвала Мацяш чалавекам эўрапейскага кшталту, асобаю зь ліку абраньнікаў Божых, якія жывуць у рытме гэтага абраньніцтва. Сапраўды, за два дні да адыходу Ніна яшчэ выступала перад чытачамі.
У беларускім сусьвеце зьвініць яе радок-запавет: «Аддавайся жыцьцю сьветланосна!»
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 588–589.
У памяці
1939 — Тадэвуш Далэнга-Мастовіч, польскі і беларускі пісьменьнік.
1993 — Дзьмітры Арціменя, старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму, адзін зь лідэраў парлямэнцкай большасьці ў Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня (забіты).