Заснавальніца беларускага Прэс-клюбу Юлія Слуцкая — ляўрэат 72-й Прэміі World Press Freedom Hero Міжнароднага інстытуту прэсы.
Прэміяй узнагароджваюць журналістаў, якія зрабілі «значны ўнёсак у прасоўваньне свабоды прэсы, асабліва ва ўмовах вялікай асабістай рызыкі».
Афіцыйна прэмію ўручаць 16 верасьня ў аўстрыйскай Вене.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юлія Слуцкая — пра фармулёўку памілаваньня, справу Луцкіной і камэру «Шанхай» з пацукамі«Мы радуемся гэтай падзеі і віншуем Юлію з узнагародай, але памятаем, праз што прайшлі і да гэтага часу праходзяць журналісты Беларусі. Юлія Слуцкая правяла ў СІЗА 8 месяцаў. Пасьля доўгага расстаньня яна праводзіць час зь сям’ёй і аднаўляе здароўе. Мы спадзяёмся на разуменьне і павагу да яе асабістай прасторы», — паведаміў у сваім віншаваньні беларускі Прэс-клюб.
Улады Беларусі абвінавачвалі Юлію Слуцкую ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. У інтэрвію Радыё Свабода журналістка расказала, што сябры «Прэс-клюбу» падпісалі прашэньне аб памілаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу супраць беларускага «Прэс-клюбу» спынілі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлане Ціханоўскай прысудзілі прэмію міру імя Лотара КрайсігаШто такое «Прэс-клюб»
«Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».
«Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асьветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».
«Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.
Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клюбу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі».