Памёр архітэктар Багласаў, які займаўся рэстаўрацыяй Траецкага прадмесьця і аднаўленьнем менскай ратушы

Сяргей Багласаў

Вядомы архітэктар памёр на 72-м годзе жыцьця.

Архітэктар-рэстаўратар Сяргей Багласаў нарадзіўся ў Магілёве, скончыў Палітэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «архітэктура». Інфармацыю пра ягоную сьмерць «Нашай ніве» пацьвердзілі ў Беларускім саюзе архітэктараў.

Асноўная праца Багласава — рэстаўрацыя, рэканструкцыя, прыстасаваньне і добраўпарадкаваньне сталічнага Траецкага прадмесьця Менску (1980–1983). Багласаў кіраваў аўтарскім калектывам.

Таксама ён распрацаваў праекты рэстаўрацыі, прыстасаваньня і аднаўленьня гандлёвых радоў на плошчы Свабоды, менскай гарадзкой ратушы, гасьцініцы «Эўропа», царквы Сьвятога Духу, шматфункцыянальных комплексаў на вуліцах Няміга і Зыбіцкая. Некаторыя праекты рабіліся ў суаўтарстве.

Пры гэтым архітэктара рэзка крытыкавалі за праект рэканструкцыі Менскага замчышча.

Багласаў быў таксама вядомы як аўтар архітэктурна-скульптурных кампазыцый — «Войт» і «Гарадзкія вагі» у Менску. Ён таксама распрацаваў пастамэнт да помніка Гедзіміну ў Лідзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр гісторык Уладзімер Гуленка, дасьледнік дзейнасьці УПА і Арміі Краёвай у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 64-м годзе памёр пісьменьнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў. У яго быў каранавірус