Лукашэнка даў новыя пасады чыноўнікам, якія трапілі ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу за ўдзел у рэпрэсіях

Дыджэі Кірыла Галанаў і Ўладзіслаў Сакалоўскі пасьля канфлікту з чыноўнікам Дзьмітрыем Пятрушам, 6 жніўня 2020 г.

Аляксандар Лукашэнка сёньня прызначаў чыноўнікаў.

Лукашэнка сярод іншых прызначыў новых начальнікаў Акадэміі МУС і УУС Гомельскага аблвыканкаму. Навучальную ўстанову узначаліў Аляксандар Васільеў, да гэтага кіраўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму.

«Адказны за кампанію рэпрэсіяў і запалохваньня мірных пратэстоўцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, у прыватнасьці, з адвольнымі арыштамі, празьмерным ужываньнем сілы і жорсткім абыходжаньнем з затрыманымі, уключна з катаваньнямі», — з такой характарыстыкай трапіў міліцэйскі функцыянэр у санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу 2 кастрычніка 2020 году.

На вызваленае месца прызначаны Аляксандар Шастайла, былы першы намесьнік начальніка ўпраўленьня ўнутраных справаў Горадзенскага аблвыканкаму. Ён кіраваў правакацыяй супраць Сяргея Ціханоўскага ў Горадні, а таксама асабіста аддаваў загады разганяць мірныя пікеты ў Лідзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Там часам намесьнік старшыні КДБ, генэрал-маёр Уладзімер Калач пайшоў на паніжэньне — стаў памочнікам Лукашэнкі ў Менскай вобласьці. На гэтай пасадзе ён замяніў былога старшыню Горацкага райвыканкаму Аляксандра Бутарава, які адпрацаваў усяго тры месяцы, а да яго памочнікам быў вядомы адэпт рэжыму зь ліку міліцэйскага кіраўніцтва Ігар Яўсееў. Паводле «Нашай Нівы», прычынай звальненьня Яўсеева стаў ягоны сын, які браў актыўны ўдзел у леташніх акцыях пратэсту.

У санкцыйныя спісы Эўразьвязу і ЗША Ўладзімер Калач трапіў яшчэ ў 2011 годзе пасьля жорсткага разгону Плошчы, а ў 2020-м апынуўся там паўторна за тыя ж «заслугі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнсацыя ў Кіеўскім сквэры. Гукарэжысэры дзяржаўнай імпрэзы ўключылі «Перемен» Цоя

Таксама сёньня кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску Дзьмітры Пятруша прызначаны кіраваць менскім прадпрыемствам «Керамін».

Ён стаў вядомым год таму: падчас сарванай уладамі сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай з выбарнікамі ў Кіеўскім сквэры Менску асабіста вырываў драты з калёнкі, калі дыджэі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыла Галанаў паставілі песьню-гімн Віктара Цоя «Перемен». Гукарэжысэраў неўзабаве затрымалі, пасьля адбыцьця адміністрацыйных арыштаў яны зьехаді ў Літву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка звольніў свайго памочніка Яўсеева, які разганяў Плошчу 2010 году