Сайт гомельскага выданьня «Сильные новости» аднавіў працу

Пятро Кузьняцоў

У сярэдзіне ліпеня хтосьці пракраўся ў праграмны код і пакінуў там шмат памылак, якія нашкодзілі працы сайту.

Заснавальнік і дырэктар рэгіянальнага парталу Пятро Кузьняцоў паведаміў БАЖ, што тэхнічныя праблемы, якія ўзьніклі 15 ліпеня, нарэшце ўдалося вырашыць.

Памылкі ў праграмным кодзе давялося выпраўляць уручную.

«Там пакуль, вядома, амаль няма актуальных навін — увесь час прастою доступу да адмінкі не было і ў рэдакцыі», — паведаміў Кузьняцоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскія ўлады хочуць ліквідаваць установу, якой належыць сайт «Сильные новости»

Хроніка перасьледу «Сильных новостей»

Увосень 2020 году міліцыя затрымлівала і кідала на «суткі» як удзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў журналістаў сайту «Сильные новости» Дзяніса Якштаса, Марыну Драбышэўскую, Надзею Пужынскую. Галоўная рэдактарка Ганна Якштас правяла выходныя ў ІЧУ і атрымала буйны штраф.

6 кастрычніка 2020 году прайшлі ператрусы ў супрацоўнікаў сайту і ў офісе рэдакцыі. Міліцыянты забралі тэхніку. Пазьней рэдакцыя аднавіла працу.

9 ліпеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі зь ператрусамі да дзесяці супрацоўнікаў «Сильных новостей», у тым ліку да заснавальніка Пятра Кузьняцова, галоўнай рэдактаркі Ганны Якштас і журналістаў.

13 ліпеня адбыўся ператрус і допыт бухгальтаркі Ганны Стрэльчанкі. Ва ўсіх супрацоўнікаў міліцыя забрала тэлефоны і тэхніку.

15 ліпеня зь невядомай прычыны перастаў адкрывацца сайт «Сильные новости». Неўзабаве Гомельскі гарвыканкам даслаў пастанову аб ліквідацыі юрыдычнай асобы, якой належаць праекты Пятра Кузьняцова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдакцыя барысаўскага сайту Ex-press.by у поўным складзе пакінула Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заява БАЖ: неадкладна спыніць зьнішчэньне незалежных мэдыяў