Гомельскія ўлады хочуць ліквідаваць установу, якой належыць сайт «Сильные новости»

Пятро Кузьняцоў

Зь мінулага тыдня не працуе гомельскі партал навінаў «Сильные новости». Ягоны заснавальнік Пятро Кузьняцоў расказаў у сваім telegram-канале аб праверках падатковай, пастанове гарвыканкаму аб ліквідацыі ўстановы.

Пятро Кузьняцоў піша, што Гомельскі гарвыканкам прыслаў пастанову аб ліквідацыі юрыдычнай асобы, якой належаць інтэрнэт-праекты, Цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ (Гомельскі дэмакратычны форум. — РС).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня думаю, што ўладам трэба ўкачаць нас у асфальт». Гутарка з заснавальнікам «Сильных новостей» Пятром Кузьняцовым

«Арганізацыя дзейнічала з 2013 году, там было два дзясяткі толькі штатных працоўных месцаў, усе падаткі плаціліся спраўна (ніводная праверка да гэтага часу нічога не знайшла), дзейнасьць была выключна статутнай. Мабыць, таму ў пастанове выканкаму канкрэтна не пазначана ніводнай падставы для ліквідацыі», — зазначае заснавальнік сайту.

Адначасова падатковыя інспэкцыі распачалі супраць юрыдычнай асобы, якая ўжо ліквідуецца, дзьве праверкі: працягваецца камэральная, запатрабавалі яшчэ і агульную.

«Мабыць, будуць шукаць падставы «задняй датай», — мяркуе Пятро Кузьняцоў.

Пятро Кузьняцоў

Таксама працягваецца камэральная праверка яго самога як індывідуальнага прадпрымальніка.

«Цікавыя рэчы адбываюцца са мной як з рэзыдэнтам — фізычнай асобай: падатковая налічыла даплаціць 40 000 рублёў падаходнага падатку. Больш падрабязна пра гэты анэкдот яшчэ раскажу, паколькі налічаныя гэтыя грошы былі з зусім не існуючай базы падаткаабкладаньня. Калі коратка, па вэрсіі інспэкцыі я мушу заплаціць падаткі за тыя грошы, якімі сам папаўняў са сваёй жа карткі, што ні пры якой трактоўцы не зьяўляецца атрыманьнем прыбытку, а толькі, умоўна кажучы, перакладаньнем грошай з адной кішэні ў другую», — тлумачыць заснавальнік сайту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ператрусы ў 10 супрацоўнікаў «Сильных новостей» правялі ў межах крымінальнай справы супраць удзельнікаў пратэстаў

Наконт таго, што не адкрываецца сайт «Сильные новости», Пятро Кузьняцоў піша, што пакуль ня можа даць на гэтае пытаньне вычарпальны адказ.

«Калі я ўсё правільна зразумеў з тлумачэньня тэхнічнай групы, справа ў тым, што ў наш праграмны код хтосьці здолеў пракрасьціся і пакінуў там мноства памылак, якія знайсьці і выправіць можна толькі ўручную. Коду гэтага шмат тысяч радкоў, таму працэс займае пэўны час», — зазначае заснавальнік і абяцае вырашыць праблему.

Ён пакуль ня ведае, у якім фармаце будуць выходзіць «Сильные новости» ў выпадку, калі юрыдычную асобу ліквідуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнік доступ да сайтаў Onliner і «Сильные новости»

«Аднак рэдакцыя ў працаздольным стане, вы па-ранейшаму можаце чытаць нас ва ўсіх асноўных сацсетках, а таксама глядзець відэа на Yolutube і праект „Короче“ на Tik Tok. Сьпісваць нас з рахункаў ня трэба, так ці інакш мы будзем рабіць усё, каб працягваць заставацца з вамі», — абяцае Пятро Кузьняцоў.

Хроніка перасьледу «Сильных новостей»

Увосень 2020 году міліцыя затрымлівала і кідала на «суткі» як удзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў журналістаў сайту «Сильные новости» Дзяніса Якштаса, Марыну Драбышэўскую, Надзею Пужынскую. Галоўная рэдактарка Ганна Якштас правяла выходныя ў ІЧУ і атрымала буйны штраф.

6 кастрычніка 2020 году прайшлі ператрусы ў супрацоўнікаў сайту і ў офісе рэдакцыі. Міліцыянты забралі тэхніку. Пазьней рэдакцыя аднавіла працу.

9 ліпеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі зь ператрусамі да дзесяці супрацоўнікаў «Сильных новостей», у тым ліку да заснавальніка Пятра Кузьняцова, галоўнай рэдактаркі Ганны Якштас і журналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі яшчэ аднаго супрацоўніка незалежнага гомельскага сайта «Сильные новости»

13 ліпеня адбыўся ператрус і допыт бухгальтаркі Ганны Стрэльчанкі. Ва ўсіх супрацоўнікаў міліцыя забрала тэлефоны і тэхніку.

15 ліпеня зь невядомай прычыны перастаў адкрывацца сайт «Сильные новости».