Вядома, што да Аўтуховіча амаль не даходзяць нічые лісты, рэдкія лісты прыходзяць ад яго на волю.
фрагмэнт ліста палітвязьня Мікалая Аўтуховіча
У лісьце, напісаным у другой палове чэрвеня, Мікола дзякуе за дзіцячую карцінку, якую яму пераслалі. Кажа, што потым паставіць яе ў рамку. Да таго ж ён дзякуе за падпіску на папяровыя выданьні. Яму выпісваюць зборнікі судоку, часопіс пра вандроўкі, а таксама «Белорусы и рынок».
Вязень прызнаецца, што перастаў чытаць, бо зламаў свае акуляры, выпадкова сеў на іх. Чакае, калі дашлюць новыя. Таксама Аўтуховіч пагаджаецца з сваім карэспандэнтам, што «ўсе стаміліся ад каранавірусу».
«У мяне даўно не было гасьцей, і сам я нікуды не хаджу», — паўжартам піша Мікола. Ён дадае, што агулам у яго ўсё нармальна, і перадае ўсім прывітаньне.
Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.
На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле ведамства, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў.
Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За што яго так мучаць?» — маці Мікалая Аўтуховіча, якога ўлады вінавацяць у тэрарызьме