Ужо сёньня: дзень народзінаў Юрася Бушлякова і Аляксея Караля

Юрась Бушлякоў

Падзеі 29 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

29 траўня 1973 году нарадзіўся Юрась Бушлякоў, беларускі мовазнаўца, супрацоўнік беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Адзін з суаўтараў кнігі «Беларускі клясычны правапіс».

17 спасылак, якія варта мець у закладках, калі пішаш па-беларуску

Бушлякоў пераклаў на беларускую мову творы Чэслава Мілаша, Эдгара Алана По, Вітальда Гамбровіча, Зьбігнева Гэрбэрта, Яраслава Сэйфэрта.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрась Бушлякоў, чалавек, які ніколі не казаў «Добрай раніцы!»

Калі б у беларускім мовазнаўстве, як у спорце або палітыцы, гэтаксама існавалі рэйтынгі, Бушлякоў, у маім уяўленьні, заўсёды знаходзіўся б, калі не на самым высокім месцы, то, прынамсі, не ніжэй за першую тройку.

Ён наогул быў зорным — спачатку хлопчыкам, потым мужчынам. Скончыў з чырвоным дыплёмам філфак Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе ў 1990-м стаў, па словах сябра й аднагрупніка Валера Булгакава, амбасадарам беларушчыны. Абараніў бліскучую дысэртацыю на тэму «Моватворчая практыка Янкі Станкевіча».

Пералік месцаў, дзе Бушлякоў працаваў, уражвае: Белдзяржунівэрсытэт, Беларускі гуманітарны ліцэй, Радыё 101,2 і Радыё «Рацыя», газэта «Наша Ніва», Радыё Свабода, Карлаў унівэрсытэт у Празе.

Хтосьці зь людзей недасьведчаных раптам падумае: «Ну вось, нейкі лятун». Для такіх тлумачу: незалежнае Радыё 101,2 «часова», што пры цяперашнім рэжыме азначала назаўжды, пазбавілі этэру (узятае Юрам у мяне інтэрвію трапіла ў лік апошніх перадачаў), ліцэй афіцыйна зачынілі...

Ягоны талент журналіста і мовазнаўцы ў адной асобе, ды яшчэ разам зь непаўторным аксамітным голасам, стаў для Беларускай службы Радыё Свабода дарагім падарункам. Праграму Бушлякова «Жывая мова» я таксама не магу назваць іначай, чым зорнай.

Юрась нічым не нагадваў чалавека, цалкам зацыкленага на сваім асноўным занятку.

Ён знаходзіў час на клясныя літаратурныя пераклады — Эдгара Алана По, Чэслава Мілаша, Зьбігнева Гэрбэрта, Вітальда Гамбровіча, Яраслава Сэйфэрта. Быў жывой спартовай энцыкляпэдыяй, беспамылкова ўзгадваючы не адных чэмпіёнаў і прызёраў, але і пераможцаў у асобных футбольных гульнях, агульны лік і аўтараў галоў.

З старэйшых клясаў, калі Юрась лічыўся найлепшым вучнем на ўроках фізкультуры і натхнёна «цягаў жалеза», ён быў увасабленьнем чалавека вельмі моцнага фізычна.

І тут — тая радзімка, што змусіла зьвярнуцца да мэдыкаў.

Пэсымістычны прагноз адводзіў яму ўсяго год. Юра змагаўся чатыры. І як ваяваў! Акурат у гэты час каханая жанчына Тацяна нарадзіла яму сына Яна Міхала.

Жыцьцё Юрася Бушлякова працягваецца і ў кнізе «Жывая мова», якую ён дасканаліў да сваіх самых астатніх дзён.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды (4-е выданьне), стар.
642-643.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрася Бушлякова згадваюць сябры, калегі, настаўнікі, вучні

Таксама ў гэты дзень

1453 — адбылося падзеньне Канстантынопалю, горад захапілі войскі Атаманскай імпэрыі, што засьведчыла канчатковы развал Усходняй Рымскай імпэрыі.

1975 — на Беларускім аўтазаводзе пачатая вытворчасьць найбуйнейшага ў СССР грузавіка — «БелАЗ-7520».

1992 — у Беларусі паралельна з савецкім рублём увялі ў абарот разьліковыя білеты Нацыянальнага банку Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся

1945 — ​ Аляксей Кароль (29 траўня 1945, вёска Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласьці — 12 верасня 2015) — беларускі гісторык, палітоляг, галоўны рэдактар газэты «Новы Час».

Кароль ня толькі вывучаў гісторыю. Ён быў сярод тых, хто ўчынкамі ствар аў яе плоць. М ы ўпершыню сустрэліся на паўлегальным Першым вальным сойме беларускіх моладзевых суполак. Аляксей кіраваў там сэкцыяй гісторыі і выклікаў выступамі ды камэнтарамі захапленьне маладзёнаў зь менскай «Талакі», віцебскага «Ўзгор’я», полацка-наваполацкага «Маладзіка»... Потым мы бачыліся зь ім на навуковых канфэрэнцыях і мітынгах, у выбарчых штабах і рэдакцыйных кабінэтах. Пазьней пра той час ён сказаў у сваім дакумэнтальным фільме «1990-я: як гэта было і які шлях мы не прайшлі».

Адзін з заснавальнікаў Партыі народнай згоды, ён чатырнаццаць гадоў выдаваў незалежную газэту «Згода», а пасьля яе закрыцьця ўладамі з 2007-га і да апошніх дзён рэдагаваў газэту «Новы час». На гэтай пасадзе Аляксей быў уганараваны прэстыжнымі міжнароднымі прэміямі — імя Найта і «Вольная прэса ва Ўсходняй Эўропе».

Аддаўшы дзесяць гадоў журналісцкай працы, я востра шкадую, што ніколі ня меў такога галоўнага рэдактара. Апрача ўсяго ён умеў сябраваць зь пісьменьнікамі, што ўвасобілася ў дадатак да «Новага часу» — «Літаратурную Беларусь».

Пасьля анкалягічнай апэрацыі ён пражыў роўна год. Але гэта быў, паводле сьведчаньняў сям’і, год насычанага, паўнавартаснага жыцьця. На жаль, хваробу не змаглі перамагчы і мэдыкі ў Сынгапуры, дзе працаваў сын Сяргей. Апошнія дні побач былі і жонка Вольга з дачкой Ірынай. Яны згадваюць, што ў астатні зямны вечар Аляксей праглядаў абноўленую вэрсію сайту «Новага часу».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды (4-е выданьне).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз 5 год пасьля сьмерці Аляксея Караля дзеці напісалі яму адкрыты ліст, павіншавалі з 75-гадовым юбілеем

1874 — Гілбэрт Кіт Чэстэртан, брытанскі пісьменьнік, журналіст і літаратуразнаўца.

1933 — Мікола Гайдук, беларускі пісьменьнік.

У гэты дзень памерлі

1565 — памёр Мікалай Радзівіл Чорны, дзяржаўны дзяяч Вялікага княства Літоўскага.

1861 —памёр Яўхім Лялевель, гісторык, нумізмат, гэральдык, палітычны дзяяч, прафэсар Віленскага і Варшаўскага ўнівэрсытэтаў.

1868 — памёр Аляксандар Здановіч, беларускі і польскі гісторык, мовазнаўца, пэдагог.

1986 — памерла Алена Аладава, заслужаная дзяячка мастацтваў БССР, мастацтвазнаўца, дырэктарка Дзяржаўнага мастацкага музэю БССР.

1920 — бальшавікі расстралялі Фабіяна Шантыра, беларускага грамадзка-дзяржаўнага дзеяча, публіцыста, пісьменьніка і перакладчыка.

Будучы палітык і пісьменьнік нарадзіўся ў вальналюбным Слуцку. У сваім кароткім жыцьці ён пасьпеў пабыць хатнім настаўнікам, адвакатам, вайсковым пісарам, бухгальтарам... Шантыр друкаваў у «Нашай Ніве» імпрэсіі, наведваў менскую «Беларускую хатку». Там ён спаткаўся з маладой пісьменьніцай Зоськай Верас, якая стала яго жонкай.

На Першым Усебеларускім зьезьдзе Фабіян, кіруючы левай фракцыяй, шукаў хаўрусу з бальшавікамі. Яны не забылі гэтага і ў першым урадзе БССР аддалі яму партфэль наркама нацыянальных справаў. Аднак — усяго на некалькі тыдняў. Ужо ў лютым таго самага 1919 году Шантыра кінулі ў турму. Праз год ён быў зноў арыштаваны, абвінавачаны ў «нацыянальнай контрарэвалюцыі» і расстраляны.

Фабіян Шантыр стаўся першай ахвяраю бальшавіцкага тэрору як у беларускай палітыцы, так і ў беларускай літаратуры.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды (4-е выданьне), стар.
120-121.

​1970 — памёр Мікола Абрамчык, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і Францыі, прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі (1947–1970).​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць прэзыдэнтаў зь Беларусі. Падкаст Уладзімера Арлова

...Мікола ўжо ў дзевятнаццаць гадоў, яшчэ займаючыся ў Радашкавіцкай беларускай гімназіі, атрымаў мандат упаўнаважанага БНР у Вялейскім павеце. У тым часе нашы нацыянальныя сілы рыхтавалі вызвольнае паўстаньне ў Заходняй Беларусі. Дзеля каардынацыі намаганьняў зь менскімі незалежнікамі Абраамчыка пасылаюць у савецкую Беларусь.

За два гады ён блізу трыццаці разоў нелегальна пераходзіць мяжу БССР і ў умовах кансьпірацыі сустракаецца з прафэсарам Усеваладам Ігнатоўскім, тагачасным наркамам асьветы. Менавіта Ігнатоўскі, якога Абрамчык усё жыцьцё будзе называць сваім «духовым бацькам», і ўвёў яго ў менскі антыбальшавіцкі асяродак.

Апынуўшыся ў 1920-я ў Празе, ён атрымлівае адначасова дзьве адукацыі: інжынэра-эканаміста ды гісторыка й сацыёляга. У гады студэнцтва Мікола зблізіўся з старшынём Рады БНР Пётрам Крачэўскім і ягоным спадкаемцам на гэтай пасадзе Васілём Захаркам.

Пасьля разьвітаньня з чэскай сталіцаю Абрамчык больш за год вандруе па Эўропе, дзе вывучае эканоміку сельскай гаспадаркі. Аднак на пачатку 1930-х, калі ён знаходзіцца ў Ліёне, адбываюцца падзеі, што кардынальна мяняюць жыцьцё й пляны выпускніка Карлавага ўнівэрсытэту. Па-першае, зь Менску прылятае вестка пра самагубства Ігнатоўскага. Па-другое, падарожнік знаходзіць у Францыі вялікую беларускую працоўную эміграцыю.

Ад гэтага часу жыцьцё Абрамчыка непарыўна зьвязанае з эміграцыйным рухам. Ён стварае Хаўрус беларусаў у Францыі, з посьпехам выступае як публіцыст, выконвае даручэньні Старшыні Рады БНР Васіля Захаркі, а з пачаткам Другой усясьветнай вайны робіць захады, каб беларусы-эмігранты далучалiся да антынацысцкага супрацiву.

Па вайне зь імем Міколы Абрамчыка зьвязанае аднаўленьне дзейнасьці Рады БНР, якую ён узначальваў з 1947 да 1970 году. Пэўны час у гэты пэрыяд Абрамчык кіраваў Лігай за вызваленьне народаў Савецкага Саюзу.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды (4-е выданьне), стар
294-295.