Суды і выракі 20 траўня: два гады «хіміі» за абразу супрацоўніка КДБ, 5 гадоў калёніі за «ўдзел у беспарадках»

Маскоўскі раённы суд Берасьця. Архіўнае фота.

У Беларусі працягваецца судовы перасьлед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Свабода сочыць за судамі і выракамі ў крымінальных справах. Інфармацыя абнаўляецца.

Суд Маскоўскага раёну Берасьця 20 траўня вынес вырак па крымінальнай справе Ўладзімера Шурубейкі, абвінавачанага ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу).

Справу разглядаў судзьдзя Яўген Брэган, дзяржабвінаваўца — Дзягель, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле вэрсіі сьледзтва, 22 верасьня 2020 году Ўладзімір Шурубейка ў адкрытым viber-чаце «Вычулкі.Ямна», «з мэтай прычыненьня шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады і кіраваньню» разьмясьціў паведамленьне ў дачыненні да супрацоўніка органаў дзяржбясьпекі Дзяніса Сямёнава, якое мае ў сабе нэгатыўную ацэнку асобы, а менавіта назваў яго «с*ыкло, чмо і ныцік».

На папярэднім судовым пасяджэньні пракурор Дзягель у судовых спрэчках заявіў, што знаходзіць віну Шурубейкі цалкам даказанай, і папрасіў пакараць мужчыну 2 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу — «хіміі».

Наконт папярэдне агучанай матэрыяльнай прэтэнзіі Дзяніса Сямёнава ў памеры 2 500 рублёў стала вядома, што пацярпелы яшчэ да суду атрымаў ад Шурубейкі 1 500 рублёў, і заявіў, што прэтэнзій да яго больш ня мае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігуранту «справы Аўтуховіча» з інваліднасьцю 2-й групы Ўладзімеру Гундару прысудзілі тры гады турмы

Двух менчукоў асудзілі на 5 гадоў калёніі за ўдзел у беспарадках

Суд Першамайскага раёну прызнаў Паўла Аўчарава і Эміля Гусэйнава вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293)
  • арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак ці ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342)
  • супраціўленьне міліцыі (ч. 1 арт. 363).

За ўдзел у масавых беспарадках судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка асудзіла іх на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму кожнага. Гэты тэрмін «паглынуў» і больш мяккія прысуды паводле іншых двух артыкулаў, паведаміла «Вясна».

Паўла Аўчарава і Эміля Гусэйнава затрымалі вечарам 23 верасьня каля станцыі мэтро «Пушкінская». Яны былі ў машыне і, паводле абвінавачаньня, блякавалі рух, а пры затрыманьні супраціўляліся. Міліцыянты ў машыне знайшлі страйкбольны рыштунак і піратэхніку. На Гусэйнаве былі шчыткі на нагах і бронекамізэлька (сам ён назваў яе «разгрузачнай»). Камізэлька з кішэнямі была і на Аўчараве (ягоны айчым сказаў, што гэта падарунак дзеда-рыбака).

Абвінавачаныя ўдзел у беспарадках адмаўлялі. Сказалі, што ехалі павольна, бо на вуліцы было шмат людзей, а машыну выкарыстоўвалі як склад страйкбольнага рыштунку. Гусэйнаў пра свой вонкавы выгляд сказаў, што хацеў стварыць уражаньне мужнага чалавека ў сваёй дзяўчыны, на спатканьне зь якой і зьбіраўся.

23 верасьня ў Менску прайшла тайная інаўгурацыя Лукашэнкі, пасьля якой адбыліся пратэсты ў розных частках гораду.

29-гадовую жанчыну асудзілі на 3 гады за 3 допісы супраць міліцыянтаў

Судзьдзя Алена Шылько прызнала 29-гадовую Мію Міткевіч вінаватай у распальваньні сацыяльнай варожасьці і пакарала яе трыма гадамі калёніі агульнага рэжыму, паведаміла «Вясна».

Мія Міткевіч — мэнэджэр у сацыяльна-культурнай сфэры, арт-дырэктарка івэнт-агенцтва Nuestro Amor, мае дзьве вышэйшыя адукацыі.

У верасьні і кастрычніку яна на сваёй старонцы «ЎКантакце» напісала тры допісы, у якіх прапаноўвала зрабіць зь сілавікамі і іх семʼямі «тое ж, што яны зрабілі з нашым народам», і выказвала спадзеў, што беларусы стануць «хаця б крыху больш радыкальнымі».

Паводле яе, яна выдаліла гэтыя допісы ў кастрычніку. 19 студзеня яе затрымалі, а 14 траўня пачалі судзіць.

На судзе Мія Міткевіч сказала, што пісала гэтыя допісы «ў глыбокім эмацыйным ступары».

«Я ўсяго толькі хацела выказаць думку і выплюхнуць эмоцыі безь якіх-небудзь наступстваў», — адзначыла яна.

Судзьдзя, аднак, палічыла, што Мія Міткевіч кіравалася матывам «палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, зьвязанай з электаральнай кампаніяй Беларусі і рознымі палітычнымі поглядамі». Вырак — тры гады зьняволеньня. Пракурор Аляксандар Рамановіч акурат столькі і прасіў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды і выракі 18 траўня: сябра ініцыятыўнай групы Бабарыкі пакаралі 5 з паловай гадамі зьняволеньня