Суды і выракі 18 траўня: сябра ініцыятыўнай групы Бабарыкі пакаралі 5 з паловай гадамі зьняволеньня

Сергей Капанец — сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, архіўнае фота

У Беларусі працягваецца судовы перасьлед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Свабода сочыць за судамі і выракамі ў крымінальных справах. Інфармацыя абнаўляецца.

Сяргея Капанца з ініцыятыўнай групы Бабарыкі асудзілі на 5,5 года калёніі

Палова судовага працэсу прайшла ў закрытым рэжыме праз вывучэньне матэрыялаў з экстрэмісцкага тэлеграм-канала.

Што паставілі ў віну Сяргею Капанцу

  • Перадачу інфармацыі пра рух спэцтэхнікі сілавікоў 9 жніўня на тэлеграм-канал Nexta, які ў Беларусі цяпер прызналі экстрэмісцкім.
  • Распаўсюд улётак, перададзеных Юрыем Васкрасенскім. Сам Васкрасенскі на суд не прыйшоў.
  • Каардынаваньне руху пратэстоўцаў з Уручча да Адміністрацыі Першамайскага раёну, што насупраць батанічнага саду.
  • Удзел у акцыях пратэсту 10 і 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага і праспэкце Пушкіна.

За арганізацыю масавых беспарадкаў (293.1 КК) і актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (342.1) судзьдзя Вікторыя Шабуня адправіла Сяргея Капанца ў калёнію ўзмоцненага рэжыму на 5 з паловай гадоў. Такога ж пакараньня патрабаваў пракурор Іван Процкі, паведаміла «Вясна».

Старшыню бабруйскага незалежнага прафсаюзу адправілі на «хімію» за абразу міліцыянтаў

Сяргей Гурло

У судзе Бабруйскага раёну агучылі вырак старшыні бабруйскай філіі Беларускага незалежнага прафсаюзу Сяргею Гурло.

Яго асудзілі на паўтара года «хіміі» за абразу ў сацсетках супрацоўніка УУС Бабруйскага гарвыканкаму і амапаўца (арт. 369 КК). Таксама ён мусіць заплаціць міліцыянтам 2 тысячы рублёў, паведаміў Tut.by.

Сяргей Гурло віны не прызнаў і аб выказваньнях у адрас міліцыянтаў не шкадуе.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Пасьля жнівеньскіх падзей Сяргея Гурло некалькі разоў затрымлівалі і каралі паводле адміністрацыйных артыкулаў. У верасьні падчас 7-дзённага ўтрыманьня ў ізалятары ён абʼявіў галадоўку.

Сёлета ў лютым Сяргей Гурло выйшаў на пэнсію, 34 гады адпрацаваўшы на «Белшыне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Гомля пакаралі трыма з паловай гадамі калёніі за нацыянальныя сьцягі з пустой пэтардай і карыкатурай на АМАП

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах