Праваабаронцы назвалі 6 новых палітвязьняў, асуджаных за «масавыя беспарадкі»

Сілавікі на вуліцах Менска, архіўнае фота

Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычнымі зьняволенымі шэсьць чалавек, асуджаных за «масавыя беспарадкі», а таксама «групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Згодна з заявай праваабаронцаў, пазбаўленыя волі і абвінавачаныя па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Міхаіл Фірага, Вячаслаў Папоў, Віталь Шыцікаў, а таксама па ч.2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) Валянцін Колб, Вадзім Чапялевіч, Ігар Гарчанюк прызнаныя палітычнымі зьняволенымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газэта «Новы час» падпісала на сябе 374 палітычных вязьняў

«Мы расцэньваем выракі супраць названых асобаў як палітычна матываваны перасьлед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня свайго меркаваньня адносна абвешчаных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў», — гаворыцца ў супольным звароце.

У сувязі з гэтым праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць з-пад варты ўсіх палітвязьняў і спыніць іх крымінальны перасьлед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​Абмежавалі ліставаньне, перавялі з «амэрыканкі» ў Берасьце і Горадню. Што зь фігурантамі справы Мікалая Аўтуховіча

Паводле «Вясны», цяпер у Беларусь 369 палітычных зьняволеных — такой колькасьці не было за ўсю гісторыю незалежнай дзяржавы.