Кліп «Зямля» — першы з сэрыі сумесных відэапрац грамадзкай кампаніі «Годна» і «Вольнага хору», у якіх культавыя кампазыцыі легендарных беларускіх музыкаў і сучасных папулярных гуртоў загучаць у выкананьні хору з аркестрам.
«Мы працяг Усяслава Чарадзея і Эўфрасіньні Полацкай, Францішка Скарыны і Міколы Гусоўскага, Сапегаў і Радзівілаў, Максіма Багдановіча і Ўладзімера Караткевіча... І нам трэба зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб пражыць гэтае жыцьцё так, каб нашчадкі ўспаміналі нас з такой жа павагай, зь якой мы цяпер расказваем пра нашых продкаў», — гэтак «Вольны хор» пракамэнтаваў выхад кліпу.
«Вялікая гісторыя і падзеі ператвараюцца ў звычайную стужку, на якую сьвеціць прамень кінапраектара. Памяць паступова зьнікае ў велізарнай прасторы часу. Нічога не застанецца, ніводнага кавалка. Напэўна, толькі зямля можа захаваць столькі болю, крыві, надзеі і веры. Усё зьнікне, а яна застанецца», — сказаў пасьля выхаду кліпа яго рэжысэр Андрэй Грынько.
Песьня, напісаная гуртом «Мроя» ў 1989 годзе, выйшла ў альбоме «Дваццаць восьмая зорка» ў 1990-м. Аўтар музыкі і слоў — гурт «Мроя», Лявон Вольскі. Апрацоўка «Вольнага хору».
Наступныя прэм’еры «Вольны хор» і «Вольны аркестар» абяцаюць зрабіць разам са Зьмітром Вайцюшкевічам і гуртом «Дай дарогу!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму дзяржаўным гімнам БНР стаў ваяцкі марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольны хор прэзэнтаваў альбом «Калядны». ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мару ўзялі ў палон, але зіма сыдзе імкліва». Nizkiz прэзэнтаваў новую песьню