Дата дня
7 сакавіка 1938 году нарадзіўся Міхась Чарняўскі, беларускі гісторык, археоляг, пісьменьнік, дзяяч незалежніцкага руху. Памёр у 2012 г.
У 1974-м спадар Міхась, ужо вядомы археоляг, кандыдат г істарычных навук і ўдзельнік клюбу патрыятычнай інтэлігенцыі «Акадэмічны асяродак», быў выгнаны з акадэмічнага Інстытуту гісторыі і зарабляў на хлеб грунтоўнікам палатна на вытворча-мастацкім камбінаце Саюзу мастакоў. Пра новую «пасаду» ён гаварыў з мудрым гумарам чалавека, непахісна ўпэўненага і ў сваёй праўдзе, і нават у тым, што ўсё будзе добра й мы да гэтага дажывем.
Чарняўскі не памыліўся: імпэрыя, як ён і прадказпрадказваў нам, студэнтам-гісторыкам, калі эсэсэсэраўскі гмах яшчэ здаваўся непахісным, ляснулася, і мы дажылі да незалежнай Беларусі.
Ён ня проста прарочыў, а набліжаў гэты дзень. Зьбіраў, здавалася б, ужо не патрэбныя нікому аскепкі гісторыі, выхоўваў — ня толькі ў навуцы — вучняў, шукаў і падтрымліваў аднадумцаў.
Кладучы цаглінку за цаглінкай у падмурак новага Адраджэньня, Чарняўскі працаваў за дзесяцярых. Дасьледаваў каменны і бронзавы век у Беларусі. Вывучаў сярэднявечны Мядзел. Пісаў манаграфіі й кнігі для дзяцей (памятаю, як мае сыны Раман і Багдан упадабалі «Вогнепаклоньнікаў» і «Стралу Расамахі»). Рызыкуючы патрапіць за краты, вывез з Зэльвы і захоўваў да лепшых часоў «Споведзь» Ларысы Геніюш. Ствараў «Мартыралёг» і БНФ. Адраджаў нацыянальную сацыял-дэмакратыю.
З прыходам незалежнасьці справаў адно паболела.
Спадар Міхась браў удзел у падрыхтоўцы энцыкляпэдыяў, працягваў пісаць дзіцячыя кнігі, змагаўся за беларускамоўнасьць гістфаку БДУ, засноўваў арганізацыю «Вэтэраны Адраджэньня», адкрываў праўду пра антысавецкае падпольле на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне.
Калі на пахаваньні заплакала дуда Зьмітра Сасноўскага, а ўсьлед за ёю не стрымаў сьлёзаў і сам славуты музыка, і загартаваныя, вядомыя ўсёй Беларусі людзі, — гэтая страта адчулася яшчэ глыбей...
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020.
Таксама ў гэты дзень
1924 — Прэзыдыюм ЦВК СССР зацьвердзіў пастанову «Аб аб’яднаньні ў складзе БССР усіх тэрыторыяў з большасьцю беларускага насельніцтва».
1967 — у СССР увялі пяцідзённы рабочы тыдзень.
1985 — Віцебскі абласны суд асудзіў Міхася Кукабаку паводле артыкула «Антысавецкая прапаганда і агітацыя» на 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Міхась Кукабака
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ня падаць духам у чаканьні пераменаў? Парады дысыдэнта Міхася Кукабакі, які правёў у лягерах 17 гадоў
2008 — Беларусь адклікала свайго пасла з ЗША і парэкамэндавала паслу ЗША пакінуць Менск. Гэта стала рэакцыяй на амэрыканскія санкцыі, у першую чаргу — супраць «Белнафтахіму».
У гэты дзень нарадзіліся
1753 — Тамаш Ваўжэцкі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1794 году.
У 1792-м статысячная расейская армія перайшла мяжу Рэчы Паспалітай. Вынікам інтэрвэнцыі стаўся новы, другі падзел дзяржавы.
Продкі адказалі паўстаньнем, якое ўзначаліў ліцьвін Тадэвуш Касьцюшка.
Пасьля перамогі патрыётаў у Вільні Ваўжэцкі стаў сябрам паўстанцкага ўраду — Найвышэйшай Літоўскай Рады.
Атрымаўшы званьне генэрал-лейтэнанта, ён кіраваў аддзеламі інсургентаў у Жамойці і Курляндыі, дзе вызначыўся ў штурме Лібавы, а затым пад ціскам шматкроць большых царскіх войскаў вывеў падначаленых у ваколіцы Горадні. Выдатна праявіў сябе генэрал і ў баталіі пад Берасьцем.
Калі Касьцюшка трапіў у палон, Ваўжэцкага абралі «найвышэйшым начальнікам» — правадыром паўстаньня ўва ўсёй Рэчы Паспалітай.
Па капітуляцыі Варшавы Тамаш ператварыўся ў вязьня Петрапаўлаўскай фартэцы й аўтара ўспамінаў. Паводле запавету яго пахавалі на радзіме.
У 1990-я гады аднымі зь першых знайшлі сьцежку да апошняга прыстанку Ваўжэцкага сябры полацкага гістарычнага клюбу «Вытокі».
Будзеце ў Відзах, наведайце магілу героя, што бараніў незалежнасьць Айчыны як з парлямэнцкай трыбуны, так і з зброяю ў руках.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020
1850 — першы прэзыдэнт чэхаславацкай дзяржавы Томаш Гарыг Масарык.
1872 — Васіль Залатароў, беларускі кампазытар, аўтар балету «Князь-возера.
У памяці
1931 — памёр Павал Дземідовіч, дасьледчык беларускай этнаграфіі і фальклёру.
1983 — памёр Антон Сокал-Кутылоўскі, вайсковы і грамадзкі дзеяч, адзін з кіраўнікоў антысавецкага Слуцкага паўстаньня, вязень ГУЛАГу.
Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году капітан Сокал-Кутылоўскі ваяваў супраць чырвоных у арміях Дзянікіна й Юдзеніча. Але ў душы гэтага суворага вайскоўца жыла мара не пра адзіную і непадзельную Расею, а пра незалежную Беларусь.
Улетку 1920-га ён вярнуўся на Бацькаўшчыну і неўзабаве апынуўся на Случчыне — там, дзе тады найбольш патрэбныя былі ягоныя здольнасьці.
Падчас антыбальшавіцкага паўстаньня Сокал-Кутылоўскі ачольваў збройныя сілы змагароў — 1-ю Слуцкую брыгаду БНР.
У лістападзе — сьнежні брыгада вяла цяжкія баі супраць Чырвонай арміі на фронце працягласьцю 60 кілямэтраў. Асабліва пасьпяхова случакі змагаліся на лініі Капыль — Цімкавічы — Вызна, дзе вёскі і мястэчкі некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі.
Пасьля Слуцкага зброй нага чыну Антон быў высьвячаны на праваслаўнага сьвятара. У гады вайны ён уступіў у Беларускую незалежніцкую партыю, браў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе. Камандаваў батальёнам
Беларускай Краёвай Абароны, які перайшоў да амэрыканцаў.
Агенты савецкага «Смершу» затрымалі Антона ў лягеры для рэпатрыянтаў. Ён быў асуджаны на 25 гадоў і выйшаў на волю па амністыі ў 1957-м.
Да канца дзён камандзір слуцкіх паўстанцаў адмаўляўся верыць, што ў «Смершы» служыў ягоны сын.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020