Судзьдзя суду Смаргонскага раёну Дзьмітры Дамарад абвесьціў рашэньне на пазоў пракурора Андрэя Клышэвіча ў інтарэсах мясцовай камунальнай гаспадаркі да 13 смаргонскіх актывістаў аб спагнаньні салідарна 90 рублёў 61 капейкі ўрону. Пра гэта паведаміў праваабаронца Алесь Дзергачоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пайшоў вал кліентаў». У Смаргонях асуджанага на «хімію» прадпрымальніка завалілі замоваміПракурор сьцьвярджаў, што 8 лістапада 2020 году ў цэнтры Смаргоняў удзельнікі масавага мерапрыемства павесілі на недасягальнай вышыні белыя і чырвоныя паветраныя балёнікі. Суму шкоды вызначылі, зыходзячы з кампэнсацыі працы пэрсаналу і спэцтэхнікі, задзейнічаных на здыманьні «несанкцыянаваных прадметаў».
Пазоў, як патлумачыў пракурор, прад’яўлены толькі тым удзельнікам, якія трымалі у руках балёнікі.
«Падчас суду пракурор адмовіўся ад пазову да аднога фігуранта, бо ягоны ўдзел не даказалі. Яшчэ аднаго суд выключыў зь ліку адказьнікаў, таксама палічыўшы факт удзелу не даказаны. З астатніх спагналі суму часткова — у памеры 79 рублёў 11 капеек», — расказаў Алесь Дзергачоў.
Але на справе камунальнікі нічога ня выйгралі, наадварот, зайшлі ў мінус. Суд вырашыў спагнаць з арганізацыі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі 100 рублёў за паслугі адваката на карысьць актывіста, удзел якога ў мерапрыемстве не даказаны.
Такім чынам, пракурор дамогся спагнаньня 79 рублёў 11 капеек на карысьць камунальнікаў, а тыя, у сваю, чаргу, мусяць заплаціць 100 рублёў ні ў чым не вінаватаму чалавеку.
У бакоў ёсьць два тыдні на абскарджаньне, смаргонцы рыхтуюць апэляцыі.