Дата дня
10 лютага 1938 году расстралялі беларускага пісьменьніка Максіма Гарэцкага.
Аўтар «Руні», «Камароўскай кронікі» і «Дзьвюх душ», слоўнікаў і кніг пра гісторыю беларускай літаратуры трапіў пад крытыку ў савецкім друку ў 1929 годзе, быў арыштаваны 19 ліпеня 1930 году нібы за прыналежнасьць да «Саюзу вызваленьня Беларусі». У 1931 годзе быў асуджаны на ссылку на 5 гадоў у Вятку. Ад 1935 году працаваў у Кіраве (былой Пясочні Калускай вобласьці) школьным настаўнікам расейскай мовы і літаратуры. У 1937 годзе яго зноў арыштавалі, а затым расстралялі паводле прысуду «тройкі» НКУС (гэта значыць завочна, без пратаколу і практычна без суду).
Яму было 44 гады. Жонцы паведамілі больш як праз год, што ён памёр ад кровазьліцьця ў мозг. Рэабілітаваны ў 1957 годзе, але сапраўдныя факты пра расстрэл былі апублікаваныя толькі ў 1992-м.
«У акце аб выкананьні сьмяротнага прысуду, які захоўваецца ў сямейным архіве Максімавага пляменьніка Радзіма Гарэцкага, значыцца: „Перечисленные осужденные всего в числе 40 человек из места содержания под стражей были взяты в 14 час. 45 мин. 10 февраля 1938 г., а решение Заседания Тройки приведено в исполнение путем расстрела в 15 час. того же дня. Трупы зарыты на установленную глубину“.
Ён ставіў перад сабою, перад нацыянальным прыгожым пісьменствам і ўсімі адраджэнскімі сіламі звышзадачу — „падняць беларуса да ідэальнага чалавека“, „аднавіць арганізм Беларусі і зрабіць яго дужэйшым“.
На тое й геніі, каб пазначаць мэты на стагодзьдзі».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 176-177.
Таксама ў гэты дзень
1921 — у складзе Наркамату асьветы БССР стварылі Навукова-тэрміналягічную камісію, каб распрацоўваць тэрміналёгію на беларускай мове.
1940 — адбыўся першы этап дэпартацыі насельніцтва з Заходняй Беларусі. 50 тысяч чалавек вывезьлі ў Сібір і Казахстан.
1962 — адзін з найбольш славутых абменаў шпіёнамі паміж ЗША і СССР: зьбіты над СССР у 1961-м пілёт амэрыканскага шпіёнскага самалёта U2 Фрэнсыс Гэры Паўэрс быў абменены на савецкага шпіёна Вільяма Фішара, якога ў 1957-м амэрыканцы засудзілі былі на 30 гадоў турмы. Гісторыя лягла ў аснову сцэнароў мастацкіх фільмаў «Мёртвы сэзон» (СССР, 1968) і «Мост шпіёнаў» (ЗША, 2015).
2005 — КНДР заявіла аб стварэньні ядзернай зброі.
У гэты дзень нарадзіліся
1868 — Карусь Каганец, беларускі пісьменьнік, мастак, графік, скульптар і мовазнавец.
1883 — Станіслаў Булак-Балаховіч, вайсковец і палітычны дзяяч.
1890 — Барыс Пастарнак, расейскі паэт і пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1958 году.
1898 — Бэртальт Брэхт, нямецкі пісьменьнік.
1903 — Вінцэнт Жук-Грышкевіч, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
1943 — Міхась Тычына, беларускі літаратуразнаўца.
У памяці
1837 — Аляксандар Пушкін, расейскі паэт і пісьменьнік.
1891 — Соф’я Кавалеўская — матэматык беларускага паходжаньня.
1980 — Браніслаў Ржэўскі, літаратуразнаўца, пэдагог, удзельнік антысавецкіх пратэстаў 1950-х, палітычны вязень.
«У Беларусі хрушчоўская адліга мела супярэчлівы характар: вяртаньне на волю дзясяткаў тысяч вязьняў ГУЛАГу суправаджалася кіраванай з Масквы русыфікацыяй, зьнішчэньнем выдатных архітэктурных помнікаў: віцебскай царквы Зьвеставаньня і полацкага сабору Сьвятога Стэфана...
Заявы пра наступ на нацыянальную адукацыю пісалі й студэнты Ржэўскага, сярод якіх — будучы слынны пэдагог і краязнаўца-патрыёт Алесь Белакоз.
Любоў моладзі да выкладчыка гэбісты ўлічылі падчас расправы. Каб напалохаць студэнтаў, варанок узімку 1957-га прыехаў па Ржэўскага проста падчас лекцыі. (Празь пятнаццаць гадоў гэтак сама, толькі ўжо на чорнай „Волзе“, гэбісты звозілі аўтараў наваполацкага самвыдавецкага альманаху „Блакітны ліхтар“.)
Пры ператрусах у Ржэўскага знайшлі заходнебеларускія антыкамуністычныя выданьні Францішка Аляхновіча й Адама Станкевіча, уласныя вершы арыштаванага, дзе ён называў Сталіна крывавым забойцам, Нэронам і Чынгісханам, заклікаючы суайчыньнікаў змагацца за вызваленьне з-пад чужынскай улады.
Прысуд — сем гадоў лягераў — Ржэўскі выслухаў якраз на дзень нараджэньня, 25 сакавіка.
... Пры канцы 1980-х часопіс „Крыніца“ упершыню апублікаваў успаміны пра Ржэўскага, чыё (і не адзінае!) жыцьцё абвяргае міт, нібыта ў Беларусі ў паваенны час не існавала ні палітвязьняў, ні барацьбы за нацыянальныя правы».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 326-327.
Your browser doesn’t support HTML5
Буктрэйлер. Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды (чацьвертае выданьне)