Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі не знайшло парушэньняў у працэдуры дзяржзакупак на здымкі мастацкага фільма паводле раману Віктара Марціновіча «Сфагнум».
Пра гэта Свабодзе паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Таксама няма прэтэнзій да тэндэру на здымкі стужкі «Дзесяць жыцьцяў Мядзьведзя», рэжысэрам якой заяўлены Андрэй Кудзіненка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кнігі Горвата і Марціновіча экранізуюцьСкаргу на завышанасьць каштарысаў згаданых стужак даслаў «Тэлевізійны прадусарскі цэнтар». Раней Міністэрства культуры выбрала «Першую кінавідэакампанію» для здымак фільма паводле кнігі Андрэя Горвата «Радзіва „Прудок“», міні-сэрыяла «За паўгадзіны да вясны» пра Ўладзімера Мулявіна і біяграфічнага фільма «Дзесяць жыцьцяў Мядзведзя» пра алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. Студыя «Дэмарш-фільм» выйграла тэндэр на экранізацыю рамана Віктара Марціновіча «Cфагнум».
Пасьля скаргі закупкі на вытворчасьць стужак «Сфагнум» і «Дзесяць жыцьцяў Мядзьведзя» былі прыпыненыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выратуюць дактары, а не чыноўнікі», — драматург Андрэй Курэйчык пра новы зьмест кіно, самаізаляцыю і цану кіраваньня ЛукашэнкіАсобную скаргу падрыхтаваў драматург і рэжысэр Андрэй Курэйчык, які ўдзельнічаў у конкурсе на экранізацыю кнігі Горвата. Курэйчык лічыць, што ягоная кампанія «Безбуслоў Артс» адзіная прапанавала сумленную цану — 165 тысяч даляраў. Аднак Міністэрства культуры выдаткавала двум прыватным вытворцам на парадак большыя сумы — 830 тысяч, 730 тысяч, 466 тысяч і 262 тысячы даляраў. Ён зьвярнуў увагу на адсутнасьць антыманапольных абмежаваньняў, у выніку чаго тры з чатырох лотаў дасталіся адной кампаніі.
Кампанія «Безбуслоў Артс» разьмясьціла скаргу на сайце дзяржаўных закупак. Працэдура закупкі на экранізацыю «Радзіва „Прудок“» была адмененая. Аднак Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю адхіліла скаргу як неадпаведную патрабаваньням.
Такім чынам фармальныя перашкоды для экранізацыі «Радзіва „Прудок“» і «Cфагнум» пераадоленыя.